Былому дэпутату Палаты прадстаўнікоў пагражае 12 гадоў турмы

Уладзімер Глод, Менск Дэпутата Палаты прадстаўнікоў папярэдняга скліканьня хочуць асудзіць на 12 гадоў пазбаўленьня волі. 8 жніўня Вярхоўны суд Беларусі разглядаў справу Мікалая Скутава, які ў ніжняй палаце парлямэнту папярэдняга складу займаў пасаду намесьніка старшыні камісіі па прамысловасьці, паліва-энэргетычнаму комплексу, транспарту, сувязі і прадпрымальніцтву.
Мікалая Скутава абвінавачваюць адразу па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу – ў раскраданьні праз злоўжываньне службовым становішчам, незаконным ўдзеле ў прадпрымальніцкай дзейнасьці і атрыманьні хабару. Дзяржаўны абвінаваўца запатрабаваў прызначыць для экс-парлямэнтара пакараньне – 12 гадоў пазбаўленьня волі.

Мікалай Скутаў, які сёньня выступіў з апошнім словам, сваёй віны не прызнаў. Ён назваў абвінавачваньні на свой адрас "несправядлівымі і бязбожнымі". Былы дэпутат заявіў, што ён ніколі не займаўся незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьцю і ня лічыць такой тыя парады і рэкамэндацыі, якія ён даваў свайму сыну – кіраўніку недзяржаўнага прадпрыемства "Эўраэкасэрвіс".

Спадара Скутава абралі парлямэнтаром у 2000-м годзе. Да гэтага ён зьяўляўся генэральным дырэктарам беларускага прадстаўніцтва Закрытага акцыянэрнага таварыства "Гандлёвы нафтавы дом" і прэзыдэнтам сумеснага беларуска-расейска-украінскага таварыства "БелРосУкрнафта". Калі ён атрымаў дэпутацкі мандат, дык згодна з заканадаўствам мусіў пакінуць гэтыя пасады.

Арыштавалі былога дэпутата літаральна празь месяц пасьля абраньня новага складу Палаты прадстаўнікоў – у лістападзе 2004 году. Былыя калегі гавораць, што трывожны званок для спадара Скутава празьвінеў яшчэ за тры месяцы да арышту, калі Цэнтарвыбаркам Беларусі пацьвердзіў рашэньне Пастаўскай акруговай выбарчай камісіі аб адмове ў рэгістрацыі ягонай ініцыятыўнай групы.

Дэпутаты, якія ўваходзілі ў групу "Рэспубліка", гавораць, што ў парлямэнце спадар Скутаў паводзіў сябе на дзіва стрымана і асьцярожна. Ён амаль ніколі не карыстаўся дэпутацкай трыбунай, не прыцягваў да сябе залішняй увагі. Але ў кулюарах даволі жорстка крытыкаваў эканамічную палітыку, якую праводзіць беларуская ўлада. Дарэчы, да прапановы ўступіць у дэпутацкую групу "Рэспубліка" Мікалай Скутаў паставіўся адмоўна, пажартаваў: маўляў, я вам буду дапамагаць інкогніта. Але ніякай дапамогі ад яго "рэспубліканцы" не дачакаліся.

Мікалай Скутаў належыць да гэтак званай старой намэнклятуры. У савецкія часы ён працаваў галоўным інжынэрам Менскага аддзяленьня Беларускай чыгункі, потым узначальваў аддзел транспарту Менскага гарвыканкаму, быў кіраўніком справаў Дзяржэканомпляну БССР.