“Жахі Трэцяга Рэйху ўзрасьлі ва ўласным доме Гітлера”

Паводле “Guardian”, Вячаслаў Ракіцкі, Прага Два нямецкія гісторыкі, якія займаюцца дасьледаваньнем асобы Гітлера, паведамілі, што знайшлі дзёньнік сястры фюрэра. Запісы сьведчаць, што ў Гітлера была праблемная сям’я і пацьвярджаюць, што “жахі Трэцяга Рэйху ўзрасьлі ва ўласным доме Гітлера”.
У інтэрвію брытанскай газэце “Guardian” нямецкія гісторыкі Тымаці Райбак і Флярыян Баерль заявілі, што “ўпершыню яны змаглі зазірнуць у мінулае сям’і Гітлера, калі ён быў у раньнім узросьце”. Паводле іх, навуковая экспэртыза даказала сапраўднасьць дзёньніка.

Дзёньнік Паўлы Гітлер сьведчыць, што яе брат быў агрэсіўным падлеткам і часта яе зьбіваў. Апісваючы самыя раньнія ўспаміны свайго дзяцінства, калі ёй было каля васьмі, а Адольфу – 15, Паўла піша: “Я зноў адчуваю цяжкую руку брата на сваім твары”.

Гісторыкі таксама знайшлі мэмуары, напісаныя сумесна зводным братам Гітлера Алёісам і зводнай сястрой Ангелай. У адным з урыўкаў падаюцца жорсткасьці бацькі Гітлера, якога таксама звалі Алёіс, і тое, як маці Адольфа спрабавала абараніць сына ад рэгулярнага зьбіцьця. Баерль гаворыць, што “паўстае карціна такой зусім дысфункцыянальнай сям’і, якой грамадзкасьць яшчэ ніколі раней ня бачыла”.

Яшчэ адно адкрыцьцё – Паўла, рэпутацыя якой дагэтуль лічылася чыстай, была заручаная з адным з самых жорсткіх лекараў Галакосту – Эрвінам Экеліюсам, адказным за забойства 4 тысячаў чалавек у газавай камэры ў часы вайны. На думку гісторыка Баерля, “тое, што яна зьбіралася пабрацца з адным з самых жахлівых аўстрыйскіх злачынцаў, азначае, што яна таксама была зьвязаная са сьмерцю, жахам і газавымі камэрамі, і ў гэтым ракурсе яе вобраз невінаватай авечкі зьнік”. Праўда, Паўла, якая пазьней жыла пад псэўданімам Вольф, ня стала жонкай Экеліюса. Гітлер не аддаў яму сястру, а накіраваў яго на Ўсходні фронт, дзе той патрапіў у рукі расейцаў.

Сярод іншых дакумэнтаў, якія дадаюць ведаў пра сям’ю фюрэра, -- сямейная бухгальтарская кніга. Адным з пунктаў у ёй значыцца пазыка 900 аўстрыйскіх кронаў, якія былі дадзеныя Гітлеру ўвесну 1908 году. Падлетку хапіла б іх на цэлы год. Гэта абвяргае міт пра тое, што ён вёў жыцьцё “беднага мастака” ў Вене.

Адкрыцьці нямецкіх гісторыкаў пабачаць сьвет у 45-хвілінным дакумэнтальным фільме, які пакажа нямецкая тэлевізія на гэтым тыдні. У фільм таксама ўключаныя інтэрвію з двума сваякамі Гітлера. Доктар Райбак кажа, што “гэтыя людзі ўпершыню загаварылі публічна пра сваё жыцьцё ў цені Гітлера. Яны не рамантызуюць свайго мінулага. Гэта звычайныя людзі, і яны ўсё жыцьцё пакутавалі пад цяжарам пракляцьця Адольфа”. Сваякі Гітлера пажадалі захаваць ананімнасьць, і іхныя твары ў фільме зьмененыя з дапамогаю лічбавай апрацоўкі.