"Дазвольце ім есьці цукеркі"

Натальля Судлянкова, Прага. Паводле The Guardian У сьвеце нарастае паніка, зьвязаная з пагаршэньнем стану здароўя розных нацыяў, абумоўленым атлусьценьнем і празьмернай вагой насельнікаў. “Гэтая паніка пазбаўляе дзяцей аднаго з задавальненьняў – ласункаў” – лічыць брытанскі дасьледчык Тым Рычардсан.
Цукеркі ды іншыя ласункі звычайна выклікаюць гарачыя дыскусіі сярод пэдагогаў і ўвогуле людзей, якія займаюцца выхаваньнем дзяцей. Адны гавораць, што цукеркі кепска ўплываюць на арганізм дзяцей, шкодзяць здароўю, у першую чаргу – зубам, таму іх трэба ў дзіцячым рацыёне жорстка абмежаваць. Другія падкрэсьліваюць, што бацькам варта было б пазнаёміць дзяцей са смакам цукерак або іншымі смакамі, як, напрыклад, соладка-вострым смакам і пахам улюбёнага ў індыйскай кухні кары. На думку гэтай часткі бацькоў і выхавацеляў, такі досьвед дапамагае дзецям падрыхтавацца да дарослага жыцьця, адкрывае перад імі палітру пачуцьцяў і розных смакаў гэтак жа, як дарослыя вучаць дзяцей адрозьніваць фарбы або гукі.

Тым Рычардсан прысьвяціў некалькі гадоў жыцьця дасьледаваньню гісторыі вытворчасьці цукерак. Прыгадваючы сваё ўласнае дзяцінства, Тым Рычардсан адзначае, што ён у пэўным сэнсе пазнаваў сьвет праз цукеркі й ласункі, якія родныя і знаёмыя прывозілі са сваіх падарожжаў у іншыя краіны.

Тым Рычардсан перакананы, што цукеркі дапамагаюць бацькам і дзецям лепей паразумецца, бо салодкае любяць практычна ўсе, незалежна ад узросту. Дзеці атрымліваюць такое задавальненьне ад цукерак, што дарослыя павінны былі б саромецца адмаўляць ім у гэтым задавальненьні. Аднак, адзначае Тым Рычардсан, у апошнім часе цукар і ласункі ўвогуле былі папросту дэманізаваныя, паўсюль можна прачытаць, што яны выклікаюць дыябэт, карыес, хваробы сэрца ды атлусьценьне.

Меркаваньне аб шкоднасьці салодкага стала настолькі распаўсюджаным, што радыёстанцыя BBC нават выдаліла са сваёй інтэрнэт-старонкі для падлеткаў песьню са словамі “Цукеркі на сьняданак, цукеркі на абед і цукеркі на вячэру таксама”. Аднак, падкрэсьлівае Тым Рычардсан, дагэтуль навукоўцы ня здолелі пераканаўча даказаць сувязb паміж гэтак званымі “хваробамі цывілізацыі” і салодкім. Апрача, бадай, карыесу. На думку мэдыкаў, за атлусьценьне, у першую чаргу, адказныя тлушчы, а не цукар. Таму цукеркі, якія не ўтрымліваюць тлушчоў, практычна ня ўплываюць на вагу чалавека.

Часам бацькі заўважаюць, што пасьля чакаляды дзеці бываюць гіпэрактыўнымі, і зьвязваюць гэта з тым, што чакаляд – высокакалярыйная страва. Аднак, падкрэсьлівае Тым Рычардсан, напэўна, дарослыя забыліся на тое, што дзеці самі па сабе вельмі актыўныя. І гіпэрактыўнасьць можа быць зьвязаная менавіта з радасьцю, якую дзеці адчуваюць, зьеўшы ўлюбёны ласунак.

Тым Рычардсан перакананы, што сёньня адмаўляць дзецям у цукерках з боку бацькоў папросту амаральна, бо сучасныя дзеці ўжо з чатырох гадоў пачынаюць вучыцца, бацькі працуюць усё больш, і таму ўсё менш часу ім застаецца на гульні са сваімі дзецьмі, звычайна дарослыя забараняюць дзецям самастойна гуляць у парках, бо гэта папросту небясьпечна, усё грамадзтва жыве ва ўмовах жорсткага стрэсу. Таму ён назваў свой артыкул “Дазвольце ім есьці цукеркі”. “Звычайна пра цукар і ласункі гавораць, што гэта пустыя калёрыі – піша Тым Рычардсан і дадае – але кожнае дзіця ведае, што яны не пустыя. Яны запоўненыя радасьцю”.