У Лябедзьку кінулі яйкам

Паводле БелаПАН Незвычайны для беларускага палітычнага жыцьця інцыдэнт адбыўся 4 жніўня ў Салігорску на раённым сходзе па вылучэньні дэлегатаў на Нацыянальны кангрэс дэмакратычных сілаў.
Як паведамляе прэсавая служба Партыі БНФ, адзін з удзельнікаў сходу кінуў яйка ў старшыню Аб''яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Анатоля Лябедзьку падчас ягонага выступленьня.

Малады чалавек "выкрыкваў лёзунгі ад імя нацыянал-бальшавісцкай партыі". Інцыдэнт быў "хутка лякалізаваны" сябрамі партыі БНФ, якія "вывелі "нацбола" з памяшканьня".

У сходзе ўзялі ўдзел 85 чалавек. Выступілі два патэнцыяльныя прэтэндэнты на ролю адзінага кандыдата: беспартыйны Аляксандр Мілінкевіч і лідэр Партыі камуністаў Беларускай Сяргей Калякін. Дэлегатамі на кангрэс былі абраны прадстаўнікі АГП і аб''яднаньня прадпрымальнікаў "Пэрспэктыва".