Сёньня з-за кратаў выпусьцяць двух дзеячоў Саюзу палякаў

Сяргей Астраўцоў, Горадня Сёньня сканчаецца 10-дзённы тэрмін арышту двух дзеячоў Саюзу палякаў: намесьніка старшыні СПБ Юзафа Пажэцкага і кіраўніка Гарадзенскай гарадзкой арганізацыі Мечыслава Яскевіча. Іх павінны выпусьціць а 21-й гадзіне.
Актывісты СПБ адбывалі арышт ў лідзкім спецпрыёмніку. Іх зьбіраюцца сустракаць паплечнікі з Саюзу палякаў.

За кратамі ў Лідзе застануцца журналісты Анджэй Пісальнік і Андрэй Пачобут, іхні тэрмін скончыцца 10 жніўня. Апроч іх у гарадзенскім спецпрыёмніку сядзяць намесьнік старшыні СПБ Веслаў Кеўляк і заснавальнік Саюзу палякаў Тадэвуш Гавін – абодвух пасадзілі на 15 сутак.