Ці існуе небясьпека птушынага грыпу ў Беларусі?

Ганна Соусь, Менск У Беларусі ўведзеная забарона на ўвоз прадукцыі птушкагадоўлі з Расеі ў сувязі з тым, што ў Сібіры зафіксаваны шматлікія выпадкі птушынага грыпу. Наша карэспандэнтка высьвятляла, як пры адсутнасьці кантролю на беларуска-расейскай мяжы будзе выконвацца гэтая забарона, а таксама наколькі верагодна, што хваробу могуць занесьці ў Беларусь пералётныя птушкі.
Начальнік Дзяржаўнай вэтэрынарнай інспэкцыі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харачаваньня Міхаіл Бушыла запэўніў Радыё Свабода, што нягледзячы на адсутнасьць кантролю на мяжы паміж Беларусьсю і Расеяй, расейская прадукцыя птушкагадоўлі ня трапіць у беларускія крамы.

(Бушыла: ) “Вельмі проста. Ад іх ніхто без дакумэнтаў ня возьме. А перааформіць расейскае вэтэрынарнае пасьведчаньне на беларускае можа толькі Дзяржаўная вэтэрынарная служба”.

(Карэспандэнтка: ) “Скажыце, калі ласка, а вялікія былі пастаўкі з Расеі?”

(Бушыла: ) “Мізэр. Паўфабрыкаты крыху завозілі сюды асобныя прадпрымальнікі. Яйкі ўвогуле не завозілі. Пух і пер’е пэрыядычна невялікімі памерамі ў асноўным у Магілёўскі раён завозілі. Іх перапрацоўвалі на падушкі і пухавыя коўдры”.

(Карэспандэнка: ) “А зь якіх рэгіёнаў? Ня з тых, дзе цяпер птушыны грып?”

(Бушыла: ) “Не, вытворчасьць у Расеі — Курск, Белгарад, Краснадар і гэтак далей, больш паўднёвыя раёны, яшчэ Нечарназем’е. А ў Сібіры мала вытворчасьці”.

Успышкі птушынага грыпу былі зафіксаваныя ў Навасібірскай і Цюменскай абласьцях, а таксама ў Алтайскім краі Расеі. Учора Міністэрства надзвычайных сытуацыяў Расеі папярэдзіла аб павелічэньні ў жніўні небясьпекі распаўсюджаньня птушынага грыпу на эўрапейскую частку краіны ў сувязі з пачаткам восеньскай міграцыі пералётных птушак, калі частка птушак з поўначы Сібіры перамяшчаецца ў раён Касьпійскага і Чорнага мораў.

Я зьвярнулася да дырэктара Інстытуту заалёгіі Акадэміі навук Беларусі кандыдата біялягічных навук арнітоляга Міхаіла Нікіфарава з пытаньнем: ці існуе верагоднасьць таго, што птушкі занясуць вірус у Беларусь?

(Нікіфараў: ) “Большасьць птушак, якія зімуюць у Паўднёва-Ўсходняй Азіі, гняздуюцца якраз у Расеі, за Ўралам, у Сібіры і гэтак далей. Нашыя птушкі ляцяць зімаваць у асноўным празь Міжземнамор’е ў Афрыку ці ў Заходнюю Эўропу на Атлянтычнае ўзьбярэжжа. Міграцыйныя шляхі не праходзяць празь небясьпечныя раёны. І таму верагоднасьць занесьці непасрэдна з Паўднёва-Ўсходняй Азіі надзвычай нізкая. У параўнаньні з завозам чалавекам з харчамі, магчымасьць завозу натуральным шляхам на некалькі парадкаў ніжэй”.

Цяпер за кожнай зь беларускіх птушкафабрык замацаваны прадстаўнік Дзяржаўнай вэтслужбы, туды не дапускаюць пабочных асобаў. Пры продажы яек у Расею вядзецца кантроль, каб назад вярталі менавіта беларускую тару. Галоўныя вэтэрынарныя лекары раёнаў адсочваюць сытуацыю з птушкай сярод насельніцтва. Як заявіў начальнік Дзяржаўнай вэтэрынарнай інспэкцыі Міхаіл Бушыла, калі птушыны грып будзе распаўсюджвацца і далей, то будуць зробленыя яшчэ больш жорсткія захады.

У сувязі з выяўленьнем птушынага грыпу ў 16 населеных пунктах трох рэгіёнаў Расеі ўсе расейскія птушыныя фабрыкі пераведзеныя на закрыты рэжым працы, а ў пацярпелых раёнах вядзецца масавае зьнішчэньне хворай птушкі. Пра выпадкі інфэкцыі, выкліканай птушыным грыпам у людзей, пакуль не паведамлялася.