“Палякі заслугоўваюць падтрымкі Захаду”

Вячаслаў Ракіцкі, Прага Брытанская “Financial Times” піша, што “Польшча патрабуе ад Эўразьвязу дзеяньняў дзеля разьвязаньня крызысу зь Беларусьсю”. Газэта засяроджвае ўвагу на прычынах гэтага крызысу, і сярод іншых адзначае, што “недавер Аляксандра Лукашэнкі да Польшчы пачаў расьці пасьля яе актыўнага ўмяшаньня ў хаду “аранжавай рэвалюцыі” ва Ўкраіне”.
Дзеяньні Лукашэнкі адносна Польшчы ёсьць таксама рэакцыяй на тое, што “Эўразьвяз і Вашынгтон асудзілі ягоны рэжым, назваўшы “апірышчам тыраніі”. “Financial Times” падкрэсьлівае, што “польскія чыноўнікі былі асабліва шчодрымі ў сваёй крытыцы і сваіх закліках да міжнароднай супольнасьці да дзеяньняў, каб сканала апошняя дыктатура ў Эўропе”.

“Палякі заслугоўваюць падтрымкі Захаду” – такі загаловак артыкулу ў “The International Herald Tribune”. Газэта зьвяртае ўвагу, што Эўразьвяз, які “не жадае сапсаваць з гэтак званым гістарычна старэйшым братам Беларусі – Расеяй, увесь час угаворвае Менск, нягледзячы на пастаянныя намаганьні Лукашэнкі сфальшаваць выбары і зачыніць усе значныя незалежныя СМІ на тле таямнічых зьнікненьняў журналістаў і палітычных супраціўнікаў. Паколькі канфлікты з нацыянальнымі мяншынямі прывялі ва Ўсходняй Эўропе да войнаў і этнічных сутыкненьняў ў зусім недалёкім мінулым, павінна быць відавочным, што шлях да разьвязаньня напружанасьці, якая кіпіць паміж Беларусьсю і Польшчай, у тэрміновым скліканьні міжнароднага перамоўнага форуму, каб не дапусьціць далейшай эскаляцыі варожасьці”.

Газэта падкрэсьлівае: “паколькі Вашынгтон лічыць Польшчу адным са сваіх лепшых саюзьнікаў, то настаў час для адміністрацыі Буша якасна дапамагчы польскім намаганьням вырашыць праблему польскай мяншыні ў Беларусі мірным шляхам. У дадатак да міжнароднага форму ў разьвязаньні канфлікту на высокім узроўні, Вашынгтон павінен павялічыць наўпроставы ціск на Беларусь і паўплываць на Маскву, каб яна зрабіла захады дзеля спыненьня небясьпечных паводзінаў яе саюзьніка”, - піша “The International Herald Tribune”.