“Літва павінна выказаць салідарнасьць палякам”

Тацяна Поклад, Вільня Пасьля пагаршэньня польска-беларускіх дачыненьняў літоўскія палітыкі, якія выступалі за зьмены у стаўленьні Эўразьвязу да Беларусі, пераглядаюць свае меркаваньні. Кіраўнік парлямэнцкага камітэту замежных справаў Літвы Юсьцінас Каросас мяркуе, што цяперашняе абыходжаньне беларускіх уладаў з польскай нацыянальнай меншасьцю ускладняе вырашэньне праблемы ізаляцыі Беларусі.
Міністэрства замежных справаў Літвы пакуль не выказвае афіцыйнай рэакцыі на пагаршэньне польска-беларускіх дачыненьняў. Рамунас Мачус, кіраўнік прэсавай службы міністэрства замежных справаў Літвы:

(Мачус: ) “Міністэрства замежных справаў назірае за сытуацыяй, аналізуе яе, кансультуецца з суседнімі краінамі і прадстаўнікамі Эўразьвязу.”

Парлямэнцкі камітэт замежных справаў яшчэ таксама не абмяркоўваў афіцыйна гэтую праблему. Кіраўнік камітэту замежных справаў у Сойме Літвы, Юсцінас Каросас аднак выказаў сваю пазыцыю для Радыё Свабода:

(Каросас: ) “Я выкажу толькі сваю пазыцыю. Я цяпер ўвесь час кажу пра тое, што палітыка ізаляцыі нашых суседзяў беларусаў не дае вынікаў і варта было б гэтую палітыку у Эўразьвязе перагледзець, скажам, такім чынам, каб асобныя краіны маглі б больш мець магчымасьцяў для дачыненьняў зь Беларусьсю. Але такія крокі, такае абыходжаньне з польскай нацыянальнай меншасьцю з боку беларускіх уладаў цяпер трохі ускладняюць гэтую сытуацыю. Парушэньні правоў чалавека – найбольш датклівае месца і тыя дзяржавы, тыя палітыкі, якія гэдак дзейнічаюць, вартыя ізаляцыі. Таму, я мяркую, што Літва павінна выказаць салідарнасьць палякам, бо калі такім чынам парушаюцца правы чалавека, не даецца магчымасьці для самавыяўленьня нацыянальным меншасьцям, трэба больш сурова на гэта глядзець.”

Адносна канкрэтных магчымых дзеяньняў з боку Літвы кіраўнік парлямэнцкага камітэту замежных справаў сказаў:

(Каросас: ) “Мы можам салідарызавацца палітычна, іншыя якія дзеяньні не асабліва патрэбныя.”

У буйнейшай грамадзкай польскай арганізацыі у краіне, Саюзе палякаў Літвы, пакуль адмовіліся камэнтаваць сытуацыю. Пакуль абмяркоўваюцца і абдумваюцца публічныя заявы і іншыя афіцыйныя дзеяньні, адна з супрацоўніц польскамоўнай газэты Літвы “Кур''ер Віленскі” падзялілася сваімі меркаваньнямі:

(Спадарыня: ) “Паводзіны Лукашэнкі мяне трохі шакуюць, у многіх сытуацыях ён паводзіцца вельмі па-дактытарску. Насамрэч гэта вельмі актуальна для палякаў у Беларусі – мець болей свабоды, каб яны мелі магчымасьць паўсюль, – як звычайна у дэмакратычных краінах, – ужываць родную мову – то бок, у школе, дома, у грамадзкіх арганізацыях, у мас-мэдыях, і гэтак далей, – а з гэтага робіцца вялізарная палітычная справа, і я лічу, гэта зусім не патрэбна. Як полька, я таксама выступаю у абарону палякоў у Беларусі. “Кур''ер віленскі” падаваў інтэрвію з Анжэлікай Борыс, зь іншымі, спрабавалі размаўляць і з Тадэвушам Кручкоўскім, я разумею, што справа там не зусім чыстая і старая улада павінна адыйсьці. Калі ня будзе абраная Анжаліка Борыс, то можа быць нехта іншы, але старая улада ніяк не надаецца для кіраваньня Саюзам палякаў Беларусі.”