Сёньня Мікола Статкевіч паедзе ў Баранавічы адбываць пакараньне

Алег Грузьдзіловіч, Менск 29 ліпеня ў Баранавічы зь Менску адбываць пакараньне ў абмежаваньні волі прыедзе вядомы беларускі палітык Мікола Статкевіч. Цягам двух гадоў спадар Статкевіч павінен будзе жыць у Баранавічах — адносна далёка ад цэнтру палітычных падзеяў.
Для беларускага палітыка выдаленьне зь Менску — амаль як звальненьне з працы. Два гады Мікола Статкевіч будзе жыць у спэцкамэндатуры Баранавічаў пад наглядам міліцыі, яго кантакты зь людзьмі будуць абмежаваныя, палітычная актыўнасьць зьведзеная да мінімуму. Улічваючы актыўны палітычны стыль Міколы Статкевіча, такія ўмовы яго ня могуць не засмучаць. А ці не было б лепш пакінуць Беларусь і весьці змаганьне за яе дэмакратызацыю з адной з заможных краінаў Эўропы? З такім крыху правакацыйным пытаньнем я зьвярнуўся да Міколы Статкевіча за дзень да ягонага ад’езду на “хімію” ў Баранавічы.

(Статкевіч: ) “Ня буду хаваць, што ў некаторых заможных краінах мне задавалі пытаньне, ці не хачу я туды перабрацца. Але скажу шчыра, што эміграцыя ў нашых умовах была б падобная на здраду. Да таго ж, такі варыянт быў бы добрым падарункам для ўлады. Яна магла б сказаць, што вось ён — злачынца, злодзей, уцёк. Не, я не хачу рабіць уладзе такога падарунка. Але найперш я не хачу здраджваць сваёй мары. Мая мара — Беларусь, нармалёвая Беларусь”.

Нагадаю, Мікола Статкевіч быў асуджаны на тры гады абмежаваньня волі за арганізацыю мітынгу пратэсту супраць вынікаў леташняга рэфэрэндуму. Год Статкевічу зьнялі па амністыі, а два гады прыйдзецца адбываць у Баранавічах. Мікола Статкевіч перакананы, што ягоны лёс вырашыў ня суд — палітык ня верыць у незалежнасьць беларускага суду, і таму не разьлічвае на літасьць і надалей. Статкевіч кажа, што яму намякнулі пра магчымасьць вызваліцца раней, калі ён адмовіцца ад палітычнай барацьбы, але і тут ён не саступае.

(Статкевіч: ) “У мяне былі чатыры варыянты. Эміграцыя, пра якую ты казаў, але гэта я адразу адкідаю як непрымальнае. Гэтак званая “хімія”, куды я еду, наступная альтэрнатыва — зона, і апошняя — куля ў нейкім цёмным кутку. Такім чынам, з трох варыянтаў, якія засталіся, “хімія” — самы лёгкі”.

Праводзіць Міколу Статкевіча ў Баранавічы зьбіраецца Віктар Івашкевіч, намесьнік старшыні БНФ, які два гады таму адбыў год “хіміі” менавіта ў Баранавічах. Практычныя парады палітычнаму калегу Віктар Івашкевіч ужо даў. Я задаў Віктару Івашкевічу тое ж пытаньне пра эміграцыю як альтэрнатыву двухгадоваму сядзеньню ў баранавіцкай спэцкамэндатуры. Па-першае, Івашкевіч ня лічыць змарнаваным год, які ён адбыў у Баранавічах. Апазыцыянэр сказаў, што актыўна займаўся палітыкай нават у тых, зусім не камфортных умовах. Адносна камфорту ў большасьці апазыцыянэраў свой погляд.

(Івашкевіч: ) “Мне было б дыскамфортней быць эмігрантам, які апусьціў рукі і зьехаў у адпачынак. Камфорт жа ў галаве, а ня ў зьнешніх умовах. Можна павесіцца, калі вакол усё ў дыванах і золаце, і наадварот — быць шчасьлівым, калі жывеш у намёце і паходных умовах”.

Сёньня а пятай гадзіне дня па вуліцы Пралетарская ў Баранавічах, дзе знаходзіцца мясцовая спэцкамэндатура, Міколу Статкевіча будуць праводзіць на “хімію” ягоныя сябры па палітычнай барацьбе.

----------------------------------------------------------------------------------------------------

Міколу Статкевіча асудзілі на тры гады абмежаваньня волі за арганізацыю акцыі пратэсту супраць афіцыйных вынікаў выбараў і рэфэрэндуму 2004 году. Пазьней адзін год з прысуду зьнялі па амністыі. Разам зь Міколам Статкевічам быў асуджаны да абмежаваньня волі вядомы апазыцыянэр Павал Севярынец. Цяпер ён знаходзіцца ў Віцебску пад наглядам міліцыі. Месца адбыцьця “хіміі” для Севярынца яшчэ ня вызначанае