Сёньня "Radio 101.2" споўнілася б 10 гадоў

Севярын Квяткоўскі, Менск Дзесяць гадоў з часу выхаду ў этэр "Radio 101,2" споўнілася 21 ліпеня. Гэты непадцэнзурны электронны сродак масавай інфармацыі праіснаваў крыху больш за год. "Radio 101,2" зачынілі ў жніўні 1996 году – напярэдадні рэфэрэндуму. "Адной зь лепшых старонак беларускай журналістыкі" дагэтуль называюць "стоадзінку".
Арка ў старым будынку на вуліцы Рэвалюцыйнай, колішняй Койданаўскай - цэнтар Менску. За аркай - маленькі дворык. У 1995-1996 гадах тут ня раз выносіліся і ставіліся сталы з напоямі і прысмакамі. Гэта абітальнікі памяшканьня на другім паверсе зьбіралі сяброў, каб адзначыць сьвята. Напрыклад, Дзень нараджэньня. Днём нараджэньня "Radio 101.2" стала 21 ліпеня 1995 году, калі ўпершыню ў эфіры прагучалі пазыўныя:

"За "Radio 101.2" як жахнем!" "Жахнем, жахнем, жахнем..." - адгукалася рэха. Традыцыйны вокліч нарадзіўся ў рэдакцыі радыёстанцыі "Беларуская маладзёжная", чыя праграма выходзіла на дзяржаўным радыё і была зачыненая ў 1994 годзе - напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў. (Падрабязнасьці і архіўныя фатаздымкі)