Маладым юрыстам не далі правесьці летні лягер

Алег Грузьдзіловіч, Менск Сарванае правядзеньне летняга лягера па правох чалавека для будучых беларускіх юрыстаў.
Сёньня, 19 ліпеня, гэты лягер плянаваў адкрыць у Вілейскім раёне Інавацыйны фонд прававых тэхналёгіяў , аднак за дзень да адкрыцьця лягеру кіраўніцтва цэнтра “Надзея”, зь якім была заключаная дамова аб арэндзе, адмовіла ў прадстаўленьні месца і харчаваньні.

У цэнтры “Надзея” спаслаліся на парушэньні санітарных нормаў, якія нібыта знайшлі ў палатачным гарадку летняга лягеру.

Арганізатары лягеру плянавалі, што ў ім пройдуць навучаньне 48 студэнтаў юрыдычных факультэтаў розных ВНУ Беларусі. Праграма была разьлічаная на 10 дзён, у ёй былі розныя курсы ў галіне правоў чалавека. Зараз кіраўніцтва Інавацыйнага фонду прававых тэхналёгіяў зьвярнулася да міжнародных арганізацыяў з просьбай дапамагчы правесьці лягер за межамі Беларусі.