На двух будатрадаўцаў абрынулася сьцяна, пацярпелыя ў шпіталі

Марыя Ўсьціновіч, Магілёўская вобласць У вёсцы Галоўчын Бялыніцкага раёну адбыўся няшчасны выпадак, у выніку якога пацярпелі два ўдзельнікі будаўнічага студэнцкага атраду.
Там працавалі 10 студэнтаў Беларуска-расейскага ўнівэрсытэту з Магілёва. Яны разьбіралі будынак былога сьпіртзаводу. У часе працы сьцяна будынку абрынулася і заваліла два чалавекі.

Маладыя людзі моцна пацярпелі, яны атрымалі траўмы і пераломы. Паводле інфармацыі Магілёўскага гарадзкога шпіталю хуткай дапамогі, адзін з іх з знаходзіцца ў рэанімацыі, іншы — у аддзяленьні нэўрахірургіі. Мэдыкі сёньня паведамілі, што небясьпекі для жыцьця студэнтаў няма.

Улады стварылі камісію, у якую ўвайшлі інспэкцыя аховы працы і прадстаўнікі пракуратуры. Часова, пакуль праверка, адхілены ад сваіх абавязкаў кіраўнік сельскай гаспадаркі, дзе працаваў будатрад. Ва ўнівэрсытэце паведамілі, што астатнія 8 чалавек з будатраду зьехалі з Галоўчына.

Паводле некаторай інфармацыі, якая не пацьверджаная афіцыйна, на момант здарэньня побач са студэнтамі не было дарослых людзей, спэцыялістаў. Аднак усе кропкі над “і” расставіць камісія, якая цяпер праводзіць расьсьледаваньне.