За што атрымліваюць спагнаньні ідэалягічныя начальнікі?

Казімір Яноўскі, Хойнікі Намесьніца старшыні Хойніцкага райвыканкаму Лідзія Марчанка атрымала вымову ад кіраўніка раёну за дрэнную арганізацыю масавых сьвятаў. Узначаліць створаны ў Хойніках штаб выхаднога дня даручана цяпер першай намесьніцы старшыні райвыканкаму Натальлі Васілеўскай.
Асаблівае незадавальненьне старшыні выканкаму Мікалая Садчанкі выклікала сьвяткаваньне ў райцэнтры Дня незалежнасьці. На апаратнай нарадзе кіраўнік раёну параўноўваў: у Менску, маўляў, наладжаны былі “грандыёзныя ўрачыстасьці”, а ў Хойніках нават плошчы талковай нямашака. Каля Палацу культуры мэліяратараў у Дзень Незалежнасьці ўсяго блізу 200 чалавек сабралася.

Старшыня выканкаму запатрабаваў ладзіць для моладзі тэматычныя дыскатэкі, каб юнакі і дзяўчаты ня толькі танцавалі, але і больш даведваліся пра разьвіцьцё раёну, ягоных лепшых людзей. Гаворыць Мікалай Садчанка:

(Садчанка: ) “Гарадок наш маленькі, 15 тысяч, і нам думаць трэба, як займаць людзей. Мы працуем, але хочацца лепей, каб гэта кіравалася і каб людзі адпачывалі. І я ім з кожным днём, з кожным мерапрыемствам новае ўводжу”.

Кіраўнік раёну патрабуе цяпер, каб каля клюбаў і фэльчарска-акушэрскіх пунктах былі годныя клумбы кветак, папаўняліся экспазыцыі музэяў Івана Мележа ў Глінішчах, Барыса Сачанкі — у Вялікім Бары. А яшчэ, каб ладзіліся нарады з намесьнікамі кіраўнікоў прадпрыемстваў у пытаньнях ідэалёгіі.

Зрэшты, розныя ідэалягічныя меркі цяпер прымяраюцца ня толькі да раённых вэртыкальных чыноўнікаў. У Чачэрску, напрыклад, мясцовы выканкам скрытыкаваў начальніка прадпрыемства мэліярацыйных сыстэмаў “Чачэрскае ПСМ” Алега Грэчку за нездавальняючы асабісты ўклад у ідэалягічную працу калектыву. З вытворчымі паказчыкамі ў прадпрыемства ўсё добра. Але ў калектыве ня створана суполка БРСМ, людзі ня выпісваюць дзяржаўных газэтаў. І сам кіраўнік не паказвае ў гэтым прыкладу: інфармацыю здабывае з Інтэрнэту, а не зь дзяржаўных газэтаў. Я пацікавіўся, як Алег Грэчка сам ставіцца да такой крытыкі.

(Грэчка: ) “Каго мэліярацыя цікавіць? Галоўнае — ідэалёгію наладзь! І няхай ты будзеш у галечы сядзець, але гэта мала каго хвалюе”, — мяркуе начальнік Чачэрскага прадпрыемства мэліярацыі Алег Грэчка, скрытыкаваны нядаўна выканкамам за тое, што не займаецца ідэалягічнай працай.