Мядзьведзь што скочыць, то цыган грошы валочыць

Мікола Раманоўскі, Менск Новая перадача сэрыі "Магія мовы".
Ведама, што даўней цыганы вадзілі па кірмашах вучоных мядзьведзяў. Хлеб быў не цяжкі: грамадка зь некалькіх цыганскіх сем’яў езьдзіць са сваімі артыстамі зь вёскі ў вёску, з гораду ў горад, мядзьведзі бавяць людзей усякімі штукамі, а гаспадарам – прыбытак: то грошы, то ежа якая. Даглядаць мядзьведзя – ня тое, што зямлю араць. Гледзячы на такое жыцьцё, людзі і казалі: “Мядзьведзь што скочыць, то цыган грошы валочыць”. Казалі і так: “Мядзьведзь танцуе – цыгану на сала шанцуе”, – улюбёнае цыганамі сала было частай платай за мядзьведжае акторства.

Тыповую гісторыю мы чытаем у аповесьці Зьмітрака Бядулі “У дрымучых лясах”:

Аднаго разу мядзьведзь унадзіўся ў […] пчолы. Псаваў калоду за калодай. Тады Вышамірскі паставіў капкан. Мядзьведзь папаўся жывы. Прыйшлі цыганы. Адкупілі мядзьведзя. Закавалі ў ланцугі. Прабілі яму нос напаленым дачырвана жалезам. Прадзелі праз нос кальцо і пагналі ў мядзьведзкую смаргонскую акадэмію на навуку. Тады цыганы ў горадзе Смаргоні абучалі мядзьведзяў розным фокусам, пасьля чаго вадзілі іх па гарадах і гэтым зараблялі на хлеб.

Але час росквіту Смаргонскай акадэміі, адкуль выпускалі гэтых артыстаў, прыпадае на канец ХVIII стагодзьдзя. А ў сярэдзіне XIX-га бадзягаў-цыганоў, якія ня толькі мядзьведзяў вадзілі, а і быдла маглі зьвесьці пры нагодзе, ужо асадзілі на зямлі і прымусілі жыць з працы рук. Бядулевы пэрсанажы на пачатку ХХ стагодзьдзя ўспамінаюць пра цыганоў зь мядзьведзямі нароўні з прыгонам – як пра даўніну.

Але ж ведама, такіх цыганоў ува ўсе часы хапае, што для яго нехта шчыруе, а ён толькі грошы ў кашэль грабе. Тады і кажуць: мядзьведзь што скочыць, то цыган грошы валочыць.

Магія мовы: архіў 2005 (1-ы квартал) Магія мовы: архіў 2005 (2-і квартал)