Генадзь Сагановіч: “Звальненьне маё было непазьбежнае”

Міхась Скобла, Менск (эфір 4 ліпеня). Новая перадача сэрыі “Вольная студыя”.
На мінулым тыдні малапрыемная навіна прыйшла з Інстытуту гісторыі. Адтуль звольнены Генадзь Сагановіч — аўтар гістарычнага бэстсэлеру “Невядомая вайна”, заснавальнік незалежнага часопісу “Беларускі гістарычны агляд”, выдавец кніг В.Тумаша, Ф.Кушаля, зборніка дакумэнтаў пра Слуцкі збройны чын.

(Міхась Скобла: ) “Генадзь, прыкладна год таму ў Інстытут гісторыі быў прызначаны новы кіраўнік — Аляксандар Каваленя. Заняўшы пасаду, ён нібыта заявіў, што каб у інстытуце быў парадак, то яго туды не прызначылі б. Што ж за парадак існуе сёньня ў Інстытуце гісторыі?”

(Генадзь Сагановіч: ) “На жаль, новы дырэктар сапраўды навёў новыя парадкі ў нашым інстытуце. Ён зьмяніўся проста непазнавальна. Яшчэ гадоў дзесяць ці нават пяць таму ў інстытуце быў калектыў, можна было ім ганарыцца. У мяне было такое адчуваньне, што я працую там, дзе хацеў заўсёды працаваць. А цяпер… Уявіце сабе: нормай сталі высочваньне супрацоўнікаў, хамства, пагрозы звальненьняў. Новы дырэктар у кожным бачыць сымулянта, халтуршчыка. Напрыклад, калі нехта просіцца ў камандзіроўку, то ён можа выказаць падазрэньне: “Ты што, будзеш там гандляваць стаяць? Навошта табе туды ехаць?”

Новы дырэктар пачаў прымаць да выкананьня нейкія дзіўныя цыркуляры зьверху, якія абмяжоўваюць замежныя камандзіроўкі і нават публікацыі ў замежных выданьнях. Сёньня, каб паехаць у замежную камандзіроўку, трэба атрымаць спэцыяльны дазвол. Прычым, на ўсіх узроўнях. А замежныя публікацыі дазваляюцца толькі пасьля экспэртызы, гэта значыць, цэнзуры. Але самае істотнае: галоўным крытэрам ацэнкі гісторыкаў стаў не прафэсіяналізм, а ляяльнасьць да цяперашніх уладаў.

Апошні, найбольш выразны прыклад, — дысэртацыя Яўгена Анішчанкі, прысьвечаная падзелам Рэчы Паспалітай і ролі Расеі ў гэтых падзелах. Добрая дысэртацыя, напісаная і абмеркаваная, дарэчы, у аддзеле, дзе я працую. А Анішчанку напачатку было сказана: “Твая дысэртацыя русафобская, яна ня пройдзе”. І ўрэшце, хоць ён і абараняўся ў другім месцы, яго ўсё роўна завалілі на ВАКу. У нашым інстытуце ўлада спрабуе ўзяць пад кантроль акадэмічную навуку, увогуле, у краіне ўся гуманістыка бярэцца пад пільны кантроль”.

(Скобла: ) “Днямі ў інтэрвію нашай карэспандэнтцы Валянціне Аксак спадар Каваленя сказаў, што Сагановіча ён звольніў за прагулы. Ты сапраўды злосны парушальнік працоўнай дысцыпліны?”

(Сагановіч: ) “Ну так, фармальна атрымліваецца — так. Яшчэ ў канцы траўня на Прэзыдыюм Акадэміі навук прыйшла нейкая папера, і спадар Каваленя мне сказаў: “Ёсьць распараджэньне цябе звольніць”. Ён толькі ня ведаў яшчэ, як гэта зрабіць. Але паколькі я не прыняў новых парадкаў, не захацеў сядзець як мыш пад мятлою, як ён мне раіў, а па-ранейшаму, калі зьяўлялася магчымасьць, выяжджаў працаваць у замежныя архівы, то вось падстава і зьявілася. Я паехаў у Кракаў, не аформіўшы, як патрабуецца, усіх папераў”.

(Скобла: ) “Я так разумею, ты паехаў за свой кошт?”

(Сагановіч: ) “Натуральна. Я ўжо дзесяць гадоў на камандзіроўкі, як на замежныя, так і па Беларусі, ніякіх грошай не атрымліваў. І вось гэтая адсутнасьць мая была вельмі добрай падставай для звальненьня. Але ж спэцыфіка маёй працы такая, што я мушу бываць за мяжой. Калі я паўгоду не папрацую ў Варшаўскай ці Віленскай бібліятэках, то адчуваю, што адстаю, не кантралюю ўсёй новай гістарычнай літаратуры. Раней кіраўніцтва нашага інстытуту разумела, што немагчыма прымяняць да творчых людзей нормы і патрабаваньні працоўнай дысцыпліны, прыдуманай для заводаў. Новы дырэктар, спадар Каваленя, прыйшоў з пэўнай мэтай, яшчэ дакладна невядома — зь якой, але ўмовы працы ў Інстытуце гісторыі радыкальна зьмяніліся. Гэта бясспрэчна, гэта ўсе адчуваюць на сабе. Звальненьне маё было проста непазьбежнае. Пытаньне было ў часе”.

(Скобла: ) “Твае кнігі асабліва папулярныя сярод моладзі. Ці маеш ты доступ у студэнцкія аўдыторыі?”

(Сагановіч: ) “Хацелі са мной сустракацца студэнты гістфаку Пэдунівэрсытэту — майго роднага факультэту, які я сканчаў. Яны падрыхтаваліся, павесілі аб’яву. Але дэкан сарваў яе і сказаў: “Пакуль я кірую гістфакам, нагі Сагановіча тут ня будзе, бо ён прапаведуе няслушныя погляды на гісторыю”.

(Скобла: ) “Мне даводзілася бываць у Інстытуце гісторыі, і я бачыў, што пасьля археалягічных раскопак многія знаходкі захоўваюцца проста ў пакоях. Кажуць, што новы дырэктар за гэтае “сьмецьце ў кабінэтах” даваў супрацоўнікам вымовы”.

(Сагановіч: ) “Спадар Каваленя не разумее каштоўнасьці археалягічных знаходак і кваліфікуе ўсё старое як сьмецьце. Гэта праўда. Наконт вымоваў — я не ўнікаў асабліва. Але я бачыў, што новы дырэктар некампэтэнтны як гісторык і адміністратар. Каб быў кампэтэнтны, то можа, трохі даражыў бы кадрамі”.

(Скобла: ) “А колькі чалавек працуе сёньня ў Інстытуце?”

(Сагановіч: ) “Болей за сто навуковых супрацоўнікаў, і ёсьць яшчэ дапаможны пэрсанал”.

(Скобла: ) “Ходзяць чуткі, што сёлета будуць звольненыя яшчэ 30—40 чалавек. Ці выжыве пасьля такіх чыстак акадэмічная навука?”

(Сагановіч: ) “Цяжка прагназаваць. Скарачэньні будуць — гэта непазьбежна. Тым больш, калі ёсьць такая ўстаноўка ў дырэктара. Нармальна займацца навукай у Інстытуце гісторыі цяпер вельмі складана. Гуманістыка ўвогуле апошнімі гадамі дэградуе. Прычына — падмена навукі ідэалёгіяй і палітыкай”.

(Скобла: ) “Ты адпрацаваў у Інстытуце гісторыі больш за дваццаць гадоў. Не шкада сыходзіць?”

(Сагановіч: ) “Безумоўна, шкада. Усё сваё сьвядомае жыцьцё я бачыў сябе толькі ў гэтым Інстытуце, аддаваў свае сілы менавіта гэтай установе. Таму разьвітвацца вельмі балюча, асабліва з мне блізкімі людзьмі, людзьмі годнымі, якіх там вельмі шмат. Гэта — як быццам нешта зь сярэдзіны вырываеш... Зь іншага боку, я адчуў і палёгку. Таму што я доўга насіў у сабе такое гнятлівае адчуваньне і сораму, і бязраднасьці. Сораму за тое, што мы ня можам вызначыць публічную пазыцыю Інстытуту, што мы маўчалі нават тады, калі былы дырэктар Сташкевіч прылюдна, у многіх месцах, сьцьвярджаў, што наш Інстытут высока ацаніў падручнік Трашчанка. А мы маўчалі. Мне тады ўжо хацелася напісаць заяву на звальненьне, але штосьці стрымала. Мабыць, змаладушнічаў. Цяпер я не адчуваю той адказнасьці за Інстытут, я ў ім фармальна не працую. Але нішто не перашкодзіць мне заставацца ў беларускай гуманістыцы, гістарыяграфіі”.

(Скобла: ) “Ты гаварыў, што і на публікацыю за мяжой сёньня гісторык мусіць атрымліваць дазвол. Да твайго звальненьня спрычынілася яшчэ і публікацыя ў маскоўскім часопісе “Родина”. Што ж такога крамольнага ты там напісаў?”

(Сагановіч: ) “Тая публікацыя зусім маленькая, нязначная, я б нават сказаў — банальная. Мне яе замовіў сам часопіс, заснаваны, дарэчы, Дзяржаўнай Думай Расейскай Фэдэрацыі. Публікацыя была інсьпіраваная сьцьвярджэньнямі некаторых аўтарытэтных расейскіх гісторыкаў, якія ў апошнія гады сталі зноў вяртаць тэрміналёгію савецкага часу. Напрыклад, сталі пісаць “воссоединение”, кажучы, што гэты тэрмін адпавядае рэчаіснасьці. Я папросту адштурхнуўся ад гэтых сьцьвярджэньняў і паспрабаваў паказаць, што ж было насамрэч. Сёньня ў нас любы гісторык, які піша пра падзелы Рэчы Паспалітай, і піша праўду, адразу атрымлівае мяно русафоба.

У нас вяртаюцца ўсе савецкія інтэрпрэтацыі адносінаў Беларусі з Расеяй, адбываецца рэсаветызацыя гісторыі. Прычым, ня толькі ў дачыненьні да Расеі, але і да краінаў Захаду. Ідзе страшная вульгарызацыя гісторыі, падпарадкаваная ідэалёгіі. Вось пра гэта ўсё я і напісаў. І чамусьці тая публікацыя выклікала вострую рэакцыю ўлады. У Інстытут быў дасланы адпаведны ліст. І, як сказаў мне спадар Каваленя, мой артыкул у часопісе “Родина” і стаў асноўнай падставай для рэпрэсіўных мераў супраць мяне”.

(Скобла: ) “Памятаю, якой сэнсацыяй быў выхад тваёй кнігі “Невядомая вайна” — пра змаганьне Рэчы Паспалітай з Расеяй. Запомнілася зь яе данясеньне расейскага ваяводы Бабарыкіна расейскаму цару: “А здешних, государь, краёв люди ненадёжны”. Гэта ён пра паўстанцаў беларускіх. Дарэчы, называлі іх неяк дзіўна…”

(Сагановіч: ) “Шышамі іх расейцы называлі. Шышы — гэта маскоўскі канцылярызм, так называлі людзей, якія лічыліся злачынцамі, выступалі супраць дзяржаўнай улады. І тэрмін гэты распаўсюдзіўся таксама на беларускіх паўстанцаў. Беларуская партызанка, як зьява масавая, зьявілася акурат тады, у ХVІІ стагодзьдзі, у час тае акупацыі. Зьявілася на зямлі, захопленай чужой, непрымальнай уладай. Мяне самога калісьці ўразіла, што простыя беларускія сяляне, мяшчане, у той страшны час пакінутыя сваёй уладай, здраджаныя сваёй шляхтай, падымаліся на барону родных вёсак і мястэчак. Таму што ў іх была ўласная годнасьць”.

(Скобла: ) “Днямі я размаўляў з двума маладымі людзьмі — абітурыентамі, якія рыхтуюцца да паступленьня на філфак БДУ. Што мяне прыемна зьдзівіла: яны і чуць ня чулі пра Трашчанка, але ведаюць Сагановіча. Дык, можа, і ня ўдасца канчаткова запіхнуць гісторыю ў пракруставу лажніцу, як ты кажаш, рэсаветызацыі?”

(Сагановіч: ) “Давай адразу падзелім навуку і гістарычную адукацыю. Спадзяюся, што нават у гэткіх неспрыяльных умовах, пасьля ўсіх гэтых “зачыстак”, гістарычнай навуцы ўдасца выжыць. Бо навукай можна займацца і седзячы дома, і нават на эміграцыі, валодаючы назапашаным матэрыялам, маючы пад рукой інтэрнэт і г.д. А дыдактыка — яна цалкам пад кантролем. Цешыць, што ўчарашнія школьнікі ня ведаюць Трашчанка, але я баюся, што заўтра, на вялікі жаль, будуць ведаць. Таму што падручнікі Трашчанка і ім падобныя пастаўленыя на паток, яны афіцыйныя. І толькі грамадзянская пазыцыя выкладчыкаў можа ўратаваць студэнтаў ад гэтага сьмецьця, ад гэтай паталёгіі. Таму цяжка даваць нейкія прагнозы на будучыню. Але нават у самай безнадзейнай сытуацыі народ можа паўстаць. Маючы сваім апірышчам менавіта гісторыю. Бо гісторыя — гэта зброя, і зброя няпростая, яе можна параўнаць з атамнай. Невыпадкова ў савецкі час гісторыкі лічыліся небясьпечнымі людзьмі. Здаецца, Хрушчоў гаварыў, што гісторыкі заўсёды могуць усё сапсаваць, пераказаўшы ўсё на свой капыл, сказаўшы праўду замест ідэалёгіі”.

(Скобла: ) “Генадзь, куды ў сёньняшняй Беларусі падацца беспрацоўнаму гісторыку? Трэба ж урэшце і сям’ю карміць”.

(Сагановіч: ) “Пытаньне для мяне сур’ёзнае. Але я неяк спакойны, нармальна сябе адчуваю, маю галаву, рукі. І самае істотнае — я адчуваю вялікую падтрымку. За апошнія дні прыйшло вельмі шмат лістоў салідарнасьці, падтрымкі, рэальных прапановаў, у тым ліку з замежжа, папрацаваць ва ўнівэрсытэце”.

(Скобла: ) “Ты што, пра эміграцыю падумваеш?”

(Сагановіч: ) “Не, ні ў якім разе! Я буду ў Беларусі да тае пары, пакуль тут можна заставацца фізычна і нешта рабіць. Эміграцыя не для мяне. У сучасных умовах можна, жывучы ў Менску, працаваць на ўсю Эўропу, на цэлы сьвет. Напрыклад, у мяне на гэты год вельмі шмат розных замоваў з эўрапейскіх часопісаў, зборнікаў. Дай Божа сілы напісаць усё задуманае. Вядома, ня ўсе падобныя замовы аплачваюцца, але, думаю, на жыцьцё зараблю”.