Як вы ставіцеся да вяртаньня ў грамадзкае жыцьцё імені Сталіна?

Браніслава Станкевіч, Верхнядзьвінск Як ставяцца да вяртаньня ў грамадзкае жыцьцё імені Сталіна жыхары Верхнядзьвінску? Тая абарончая “лінія Сталіна”, якую пад Менскам зрабілі мэмарыяльным комплексам і адкрывалі зь вялікай помпаю, праходзіла і па тамтэйшых мясьцінах, аднак з асобаю былога генэралісымуса жыхары Верхнядзьвінску зьвязваюць зусім іншыя падзеі ў жыцьці краіны.
(Спадарыня: ) “Я супраць такога вяртаньня, бо мне не падабаецца ягоная палітыка, якую ён вёў. Гэта было супраць народу, я лічу”.

(Спадар: ) “Такога ня трэба! Недзе ў Грузіі — можа, а ў нас не! У мяне дзеда рэпрэсавалі, бацьку. Усіх у нас тут параскулачвалі, і я вось застаўся без кала і без двара”.

(Спадарыня: ) “Што тут казаць. Ужо ж прызналі, што ён быў дэспат, асудзілі за тое, што ён панавырабляў, а цяпер назад, зноў помнікі яму ставіць? Нашто гэта ўсё вяртаць?”

(Спадар: ) “Ня трэба, канечне! Як паслухаць, што ён рабіў, дык вядома, ня трэба вяртаць! Але ж нічога і ня будзе: забудуць, чыё імя ў той “лініі Сталіна”, і будуць хадзіць проста як у музэй”.

(Спадарыня: ) “Старое пакаленьне, якое сыходзіць, можа, і будзе хацець вяртаньня імені Сталіна, бо для іх гэта быў калісьці ідэал, яны ваявалі з гэтым імем. А нам гэта ўжо ня трэба”.

(Спадарыня: ) “ Вяртаць нічога ня трэба! Можа, дзесьці ён быў і добры, і для краіны нешта зрабіў, але ж колькі людзей загубіў — вы мне даруйце! Ён не пытаўся: вінаваты, невінаваты. Прыяжджалі ўначы, забіралі, ні пра што не пыталіся, і людзі зьнікалі назаўсёды! Вось тыя, хто ня паспытаў гэта ўсё на сабе — увесь гэты жах, гэтыя няшчасьці, хто цяпер ходзіць зь ягоным партрэтам, яны што, хочуць, каб усё гэта паўтарылася? Навошта ж нам гэта трэба?”

(Спадарыня: ) “Тое, што робіць сёньня кіраўнік дзяржавы, вяртаючы імя Сталіна, для мяне проста жахліва. Бо, вяртаючы імя Сталіна, мы вяртаем усё тое дрэннае, што зрабіў гэты чалавек. Я вельмі баюся, што вяртаньне такіх імёнаў не паспрыяе кансалідацыі ў нашым гірамадзтве. І гэта можа прывесьці да такіх працэсаў, пра якія нават страшна казаць. Цьвярозы розум гэтага вяртаньня не ўспрымае!”