"Народная Грамада" падтрымала Мілінкевіча таемным галасаваньнем

Уладзімер Глод, Менск Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Народная Грамада) падтрымлівае ў якасьці адзінага кандыдата Аляксандра Мілінкевіча. Гэта стала вядома 2 ліпеня пасьля таемнага галасаваньня сябраў Цэнтральнага Камітэту БСДП (НГ): за Аляксандра Мілінкевіча аддалі свае галасы 46 чалавек, за Анатоля Лябедзьку – 11.
Абвяшчэньне вынікаў галасаваньня Аляксандар Мілінкевіч сустрэў наступнымі словамі:

(Мілінкевіч: ) "Вялікі дзякуй вам за падтрымку, для мяне гэта сапраўды вялікі гонар і страшэнная адказнасьць. Я адзінае, што абяцаю: зраблю ўсё, каб вам не было сорамна за свой выбар. Буду над гэтым працаваць. А бяз вас ніякі адзіны кандыдат нішто не значыць. Таму, калі мы разам добра папрацуем, у нас ёсьць добры шанец на перамогу".

Заключнаму слову спадара Мілінкевіча папярэднічалі дзьве гадзіны абмеркаваньня. Мікола Статкевіч, які адкрыў паседжаньне, нагадаў, што партыя раней вылучала ў якасьці адзінага кандыдата ў прэзыдэнты ад дэмакратычных сілаў менавіта яго. Аднак пасьля вынясеньня яму прысуду, ён юрыдычна ня мае права ўдзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах. Таму існуюць два варыянты: вылучыць кагосьці з іншых сябраў партыі альбо падтрымаць кандыдатуру па-за межамі партыі. Выканаўчае бюро, паводле спадара Статкевіча, выказалася за другі варыянт.

Сярод патрабаваньняў да прэтэндэнта Мікола Статкевіч асабліва вылучыў два: ён абавязкова мусіць падтрымліваць эўрапейскі выбар далейшага разьвіцьця Беларусі, а, па-другое, абавязкова дзейнічаць у рамках аб''яднаньня дэмакратычных сілаў. На думку кіраўніцтва партыі, такіх прэтэндэнтаў цяпер двое: Анатоль Лябедзька і Аляксандар Мілінкевіч.

Абодва кандыдата выступілі зь невялікімі прамовамі, адказалі на тузін пытаньняў. Пасьля чаго й адбылося таемнае галасаваньне.

Кіраўнік Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) лічыць, што ў Аляксандра Мілінкевіча цяпер найлепшы шанец перамагчы і на Кангрэсе дэмакратычных сілаў, дзе, як плянуецца, будзе канчаткова названае імя адзінага кандыдата ў прэзыдэнты. Вось як тлумачыць спадар Статкевіч сваю ўпэўненасьць:

(Статкевіч: ) "Ужо зараз у Эўрапейскай кааліцыі, якая будзе прымаць рашэньне кансалідавана, ёсьць 100 месцаў дэлегатаў на Кангрэс дэмакратычных сілаў. У нас ёсьць яшчэ 20 дэпутатаў мясцовых саветаў, якім, мабыць, будзе выдзелена нейкая квота. І адбываецца выбар дэлегатаў на раённым узроўні. Наша партыя пакуль актыўнага ўдзелу тут не прымала – маўляў, старшыня партыі ўдзелу ў выбарах не бярэ. Але пасьля сёньняшняга паседжаньня мы возьмем актыўны ўдзел у гэтых сходах. Эўрапейская кааліцыя – таксама. Я думаю, яшчэ 100 месцаў, як мінімум, бо мы крыху спазьніліся, у нас будзе. А гэта па сутнасьці вырашальны пакет. Такім чынам, я магу ў нейкай ступені нават прагназаваць, што сёньняшняе галасаваньне, магчыма, нават вызначыць пераможцу Кангрэсу дэмакратычных сілаў".

Тут варта нагадаць, што ва ўзгаданым Кангрэсе будзе ўдзельнічаць прыкладна 700 дэлегатаў.