У выніку пратэсту рабочым гуты “Нёман” падвысілі заробкі на 10%

Сяргей Астраўцоў, Горадня Учора незадаволеныя рабочыя ў горадзе Бярозаўка Лідзкага раёну на шклозаводзе “Нёман” сабраліся на сход, каб выказаць свае прэтэнзіі адміністрацыі прадпрыемства, а сёньня на заводзе сабралася камісія, якая вырашала, як вырашыць сытуацыю. Кіраўніцтва абяцае падвысіць заробкі на 10%.
Разборам канфліктнай сытуацыі займаўся Уладзімір Пагоцкі — намесьнік дырэктара па кадрах. Паводле яго, учора адбыўся цягам гадзіны сход у Палацы культуры. Там сабіраліся рабочыя непрацуючых зьменаў і прадпрыемства не спынялася. Гэта сьцьвярджалі таксама і ў гарвыканкаме, хаця зьявіліся зьвесткі, што рабочыя нібыта не прыступілі да працы – фактычна, страйкавалі.

(Пагоцкі: ) ”Ну што, сабраліся людзі, асноўнае пытаньне — падвышэньне заробкаў і своечасовасьць выплаты. Паразмаўлялі, стварылі камісію, якая сёньня ўжо зьбіралася і выпрацавала якіясьці рашэньні. Першае: падняць заробкі на 10%, што выльецца зь ліпеня ў дадатковых 100 мільёнаў рублёў фонду зарплаты, і — перагледзець нормы на некаторы асартымэнт”.

Паводле спадара Пагоцкага, сярэдні заробак на заводзе 290 тысяч рублёў. Такім чынам сярэдні заробак рабочых мае падвысіцца на 29 тысяч рублёў.

У месяц прадпрыемства вырабляе прадукцыі на 4 мільярды рублёў, у Беларусі прадаецца толькі дзясятая частка. Астатняе цяпер трапляе на склад, бо ўлетку звычайна наступае “мёртвы сэзон”, гаворыць намесьнік дырэктара прадпрыемства.

У Бярозаўцы 12 тысяч жыхароў, на гуце "Нёман" працуюць 4350 чалавек. Нават у суседняй Лідзе шмат хто ведае: ва ўсе часы ў Бярозаўцы можна было купіць затанна з-пад крыса вынесены з заводу крышталь. Такім чынам прынамсі некаторыя мелі "дадатак" да свайго заробку. Сёньня мне давялося пачуць такое меркаваньне: апошнім часам кіраўніцтва пачало змагацца з гэтай зьявай, таму, маўляў, рабочых яшчэ больш сталі незадавальняць іхнія заробкі, пагатоў што ўмовы працы на гуце досыць цяжкія.