Сёньня на арбіту будзе запушчаны касьмічны карабель, дапаможны рухавік якога працуе на энэргіі сонечных фатонаў

Віталь Цыганкоў, Прага Калі ўсё пойдзе як заплянавана, сёньня расейская падводная лодка выпусьціць з глыбіняў Баранцавага мора касьмічны карабель на сонечных ветразях “Космас-1”. Гэты карабель будзе перамяшчацца ў касьмічнай прасторы дзякуючы энэргіі фатонаў – часьцінак сонечнага сьвятла.
“Гэты апарат пракладзе шлях палётам да зораў,” – аптымістычна кажа Луі Фрыдман, дырэктар Плянэтарнага таварыства – групы прыватных асобаў, якія фінансавалі гэты праект. “Мы спадзяемся, што ў выпадку посьпеху касьмічныя агенцтвы зьвернуцца да гэтай тэхналёгіі, якая можа закласьці базіс для міжплянэтных палётаў,” – кажа Фрыдман. Многія разглядаюць гэты новы мэтад як рэвалюцыйны, які дазволіць значна скараціць выдаткі на дастаўку касьмічных караблёў на арбіту. “Космас-1” каштуе 4 мільёны даляраў, значна таньней за іншыя падобныя праекты.

Праз 6 хвілінаў пасьля запуску трохступенявай ракеты адпадзе яе апошняя ступень. Праз 37 хвілінаў прысутнасьці карабля на арбіце будуць разгорнутыя яго сонечныя батарэі. А праз 4 дні кіраўнікі палёту зь Зямлі паспрабуюць падняць 16-мэтровыя трохкутныя сонечныя ветразі карабля. Калі гэта ўдасца, адлюстраваньне сонечнага сьвятла ад “Космасу-1” стане такім яркім, што карабель можна будзе убачыць зь Зямлі няўзброеным вокам. Выпуск ветразяў – бадай, самы адказны момант палёту, і гэтыя выпрабаваньні ў космасе не праводзіліся.

Летась тры расейскія ракеты таго самага тыпу, што будзе запускаць Космас-1, выбухнулі падчас ваенных вучэньняў. Луі Фрыдман кажа, што разумее ўсе гэтыя акалічнасьці

“Мы вельмі ўпэўненыя ў посьпеху. Зразумела, мы ведаем пра рызыку падчас запуску. Ёсьць рызыка з раскрыцьцём ветразяў, з іхнімі паводзінамі. І ніхто ў касьмічным бізнэсе не ўспрымае гэтыя рызыкі надта бесклапотна”. Калі ўсё ж удасца разгарнуць ветразі, “Космас-1” паляціць на энэргіі сонечных промняў. Сонечная энэргія, якая не залежыць ад дарагога і цяжкага ракетнага паліва, дае спадзяваньне на доўгачасовыя касьмічныя палёты, – кажуць прыхільнікі яе выкарыстаньня. Місія “Космасу-1” працягнецца няшмат, усяго каля аднаго тыдня –набраўшы хуткасьць, карабель разбурыцца, загарыцца ў атмасфэры і ўпадзе на Зямлю прыблізна празь месяц пасьля выхаду на арбіту. Ягоныя стваральнікі, аднак, нагадваюць, што першы палёт самалёту братоў Райт доўжыўся ўсяго 12 сэкундаў, – але ўвайшоў у гісторыю. Ці ўвойдзе ў гісторыю “Космас-1”, пакажуць бліжэйшыя тыдні.