Як ставяцца менчукі да загаду міністра адукацыі пра выключэньне студэнтаў за ўдзел у акцыях пратэсту?

Альгерд Невяроўскі, Менск Міністар адукацыі Аляксандар Радзькоў выдаў на мінулым тыдні загад, паводле якога студэнты, якія ўдзельнічаюць у апазыцыйных акцыях пратэсту, могуць быць выключаныя са сваіх навучальных установаў. Як да гэтага ставяцца сёньняшнія і ўчорашнія студэнты?
(Карэспандэнт: ) “Загадам міністра адукацыі студэнтаў, якія ўдзельнічаюць у акцыях пратэсту, дазволена выключаць з навучальных установаў. Скажыце, а як вы да гэтага ставіцеся?”

(Хлопец: ) “Я стаўлюся вельмі дрэнна. Лічу, што кожны мае права на выказваньне сваіх думак. Думаю, што дзяржава павінна даваць студэнтам гэтую свабоду думкі, каб яны маглі думаць”.

(Дзяўчына: ) “Я думаю, што гэта слушна. Таму што людзі, якія супраць палітыкі прэзыдэнта, ня маюць права атрымліваць адукацыю, якая грунтуецца на дзяржаўнай палітыцы”.

(Спадар: ) “Гэта супярэчыць дэмакратыі”.

(Спадарыня: ) “Адмоўна”.

(Спадар: ) “Я думаю, што гэта ня вельмі добра. Бо чалавек мае сваё права, і калі думае, што так трэба, то так і трэба”.

(Спадарыня: ) “Адмоўна. Так лічу, і ўсё. Як раней у партыйных дакумэнтах пісалі: маю сваё адметнае меркаваньне”.

(Дзяўчына: ) “Адмоўна стаўлюся. Любы чалавек мае права на выказваньні, на свабоду дзеяньняў. Таму я лічу, што не павінны выключаць”.

(Хлопец: ) “Думаю, што кожны мае права выказваць свае думкі”.

(Спадарыня: ) “Адназначна адказаць я не магу. Бо ў краіне існуюць законы, якім варта падпарадкоўвацца. Напрыклад, такія моманты характэрныя ня толькі для нашай краіны. У Францыі ў свой час, калі там былі пратэсты супраць палітыкі дзяржавы, то студэнтаў, якія ўдзельнічалі ў акцыях пратэсту, таксама выключалі з навучальных установаў”.

(Хлопец: ) “Вельмі дрэннна. Кожны павінен выказваць сваю думку. Нельга так рабіць”.

(Хлопец: ) “Кожны павінен выказвацца, як хоча, але ў рамках закону”.

(Спадарыня: ) “Я думаю, што ў кожнага чалавека павінна быць свая думка”.

(Спадарыня: ) “Я стаўлюся да гэтага адмоўна. Студэнты — гэта людзі маладыя. Ім хочацца зьмяніць жыцьцё, зьмяніць сьвет вакол сябе. А выключэньне з вышэйшай навучальнай установы можа паставіць крыж на кар’еры. Я думаю, трэба знайсьці больш гуманныя меры”.

(Спадар: ) “Адмоўна. Павінна быць у нас нейкая свабода”.

(Хлопец: ) “Трэба даваць людзям права выказваць свой пратэст”.

(Спадар: ) “Пэўна, што адмоўна. Кожны чалавек, а асабліва студэнт, мае права вызначаць свае погляды. Ён можа ісьці выказваць свае думкі. Так што, мне здаецца тут ня можа быць іншых поглядаў”.