Вынесеныя прысуды кардыяхірургам цэнтру “Кардыялёгія”

Алег Грузьдзіловіч, Менск У Маскоўскім судзе Менску завяршыўся працэс над пяцьцю кардыяхірургамі рэспубліканскага цэнтру “Кардыялёгія” і супрацоўнікам прадпрыемства “Мультымэдыцына”. Суд палічыў даказанай віну дактароў, якія, праводзячы ўнікальныя апэрацыі на сэрцы, падманвалі хворых: бралі грошы за бясплатныя хірургічныя матэрыялы або выкарыстоўвалі танныя айчынныя прылады замест дарагіх замежных.
З улікам амністыі хірургі Уладзімір Макееў, Барыс Туміловіч і Алег Каваленка пакараныя абмежаваньнем волі на розныя тэрміны ад 3 да 4 гадоў. Дактары Аляксей Лучанок і Сяргей Скачок таксама з улікам аднаго году, зьнятага паводле амністыі, атрымалі па 2 гады калёніі. Намесьнік дырэктара СП “Мультымэдыцына” Ігар Васюкевіч пакараны двума гадамі зьняволеньня.

Па некаторых артыкулах абвінавачаныя апраўданыя. Суд абавязаў асуджаных пакрыць матэрыяльныя страты, нанесеныя хворым. Ці змогуць хірургі па-ранейшаму рабіць апэрацыі? Хірургі Лучанок і Скачок, якія адбылі ў сьледчым ізалятары ўжо каля двух гадоў, змогуць вярнуцца да працы ўжо празь некалькі месяцаў. Вядомыя адмыслоўцы Макееў, Туміловіч і Каваленка спадзяюцца, што будуць адбываць пакараньне, зьвязанае з абмежаваньнем волі, па месцы працы .

Усе асуджаныя хірургі лічацца ў цэнтры “Кардыялёгія” ўнікальнымі адмыслоўцамі, якіх няма кім замяніць. Былы загадчык лябараторыі Уладзімер Макееў заявіў Радыё Свабода, што “згодны з прысудам і будзе праз працу загладжваць сваю віну”. Ніхто зь іншых асуджаных пакуль не заявіў пра жаданьне абскарджваць прысуд.