За няўплату штрафаў удзельнікам акцыі "Мы памятаем" могуць апісаць маёмасьць

Сяргей Астраўцоў, Горадня Ад гарадзенскіх удзельнікаў акцыі “Мы памятаем” патрабуюць заплаціць штрафы цягам дзесяці дзён. Шасьцёра гарадзенцаў, якія ўдзельнічалі ў акцыі “Мы памятаем” 7 траўня, атрымалі сёньня папярэджаньне, што яны павінны "добраахвотна" сплаціць штрафы цягам дзесяці дзён, інакш у іх апішуць маёмасьць.
Юры Істомін, Артур Сьмятанін, Зьміцер Аўдзейчык, Андрэй Янушкевіч, Мікола Воран і Раман Юргель каля гадзіны трымалі фотаздымкі Юрыя Захаранкі, які зьнік шэсьць гадоў таму. Потым іх затрымалі міліцыянты. Кастрычніцкі раённы суд Горадні аштрафаваў за ўдзел у несанкцыянаваным пікеце пяцёх удзельнікаў— на 25 базавых адзінак кожнага, а Рамана Юргеля — на 160 базавых адзінак.

Адзін зь іх — Юры Істомін падаў скаргу на судовае рашэньне ў парадку нагляду ў абласны суд, таму ён паведаміў судоваму выканаўцу, што пакуль чакае яе разгляду.