Нямецкі ХДС асуджае беларускія ўлады ў зьвязку з прысудам Статкевічу і Севярынцу

Алена Струвэ, Менск Нямецкія хрысьціянскія дэмакраты (ХДС/ХСС) пратэстуюць у зьвязку з прысудам беларускіх палітыкаў Міколы Статкевіча і Паўла Севярынца і выказваюць ім як чарговым ахвярам рэжыму Лукашэнкі сваю салідарнасьць і спачуваньне.
Як вынікае з адмысловай заявы для прэсы, якую зрабіла дэпутатка Бундэстагу, кіраўнічка парлямэнцкай групы па Беларусі Кляўдыя Нольтэ, судовы працэс над спадарамі Статкевічам і Севярынцам чарговым разам даказаў, што вынікі парлямэнцкіх выбараў 2004 былі сфальшаванымі, а беларуская юстыцыя ёсьць цалкам залежнай ад прэзыдэнта.

Як перакананая спадарыня Нольтэ, відавочна, што “рэжым Лукашэнкі і ў далейшым будзе выкарыстоўваць ўсе сродкі дзеля таго, каб пазбавіцца ад палітычных канкурэнтаў”.

“Яшчэ ўвосень 2004 фракцыя ХДС/ХСС неаднойчы спрабавала пераканаць кіроўную чырвона-зялёную кааліцыю ў ажыцьцяўленьні больш жорсткіх падыходаў да беларускага рэжыму, – гаворыцца ў заяве спадарыні Нольтэ. – На жаль, гэтыя спробы былі беспасьпяховымі. Застаецца спадзявацца, што ў хуткім часе і Нямеччына, і ЭЗ акажуць больш рашучай падтрымкі дэмакратычным сілам у Беларусі”.