Беларусы ў Брусэлі пратэстуюць супраць прысуду Статкевічу і Севярынцу (фота)

Аляксей Дзікавіцкі, Прага Сёньня каля беларускай амбасады ў Брусэлі сябры Беларускага эўрапейскага задзіночаньня наладзілі акцыю пратэсту супраць прысуду Міколу Статкевічу і Паўлу Севярынцу. Удзельнікі акцыі спрабавалі перадаць зварот да амбасадара, у якім папярэджвалі беларускія ўлады пра крымінальную адказнасьць за перасьлед актывістаў апазыцыі.
Удзельнікі акцыі павесілі на будынку беларускай амбасады ў Брусэлі аб’яву з надпісам: "Амбасада апошняга дыктатара ў Эўропе запрашае..." ды выклікалі каго-небудзь з супрацоўнікаў, каб перадаць зварот.



Неўзабаве да іх выйшаў супрацоўнік амбасады, які, паводле пратэстоўцаў, не хаваў сваёй прыналежнасьці да спэцслужбаў і заявіў удзельнікам акцыі, што іхныя дзеяньні незаконныя.

Гаворыць старшыня Беларускага эўрапейскага задзіночаньня Зьміцер Піменаў.

(Піменаў: ) “Самае цікавае, што не пасьпелі мы падыйсьці, а яны ўжо нас чакалі каля амбасады. Хутка прыехала паліцыя. Мы патлумачылі паліцыянтам, што гэта не пікет (мы не зьвярталіся па дазвол на пікет), а хочам толькі перадаць зварот. Тады паліцыянта запыталіся ў прадстаўніка амбасады, ці возьме ён зварот, а той адказаў, што ня возьме, бо і так ведае, што там напісана”.

У акцыі ўзялі ўдзел дзесяць беларусаў з Францыі, Бэльгіі і Чэхіі.