У Жодзіне 7-ы дзень галадоўкі моладзі (фота)

Міхал Стэльмак, Менская вобласьць У Жодзіне 7-ы дзень галадуюць супраць выключэньня з навучальных установаў дэмакратычнай моладзі. У акцыі, якая пачалася 25 траўня, бяруць удзел шасьцёра юнакоў: Зьміцер Чарткоў, Аляксандар Вінаградаў, Яўген Валкавец, Сяржук Мурашка, Павал Каранюхін і Сяржук Марчык.
Галадуюць хлопцы на прыватнай кватэры па вуліцы Гагарына. Гэта ўжо трэцяе ў Жодзіне месца правядзеньня акцыі. Прытуліла яе ўдзельнікаў Валянціна Чарткова, маці аднаго з галадоўнікаў — Зьмітра Чарткова, якога адлічылі з Акадэміі мастацтваў.

(Чарткова: ) “Ён сябе ўсяго аддаваў гэтай ідэі. Ён з шостай ці сёмай клясы хадзіў у драматычны гурток. Мастацкі кіраўнік казаў, што Дзімка здатны хлопец. Усе грошы сабралі, і дзед даў, каб ішоў на платнае аддзяленьне. Каб вучыўся, аддала гэтыя грошы. Я адна вырасьціла сваіх дзяцей. Калі выключылі, ён баяўся прызнавацца, што так атрымалася. Яго адна мара: быць вось толькі там. Несправядлівасьць вялікая, і ня ведаю, што ў іх атрымаецца. Можа, яны і дарэмна тут сваё здароўе патрацяць”.



Галадоўка адмоўна адбіваецца на самаадчуваньні юнакоў. Вось, напрыклад, што распавёў Сяржук Марчык, які ў Жодзіна прыехаў на акцыю з Баранавічаў:

(Марчык: ) “Сёньня пачаўся нейкі боль у грудзях. У мяне бранхіяльная астма. Спачатку балела галава. У мяне былі два страсеньні. Мяне больш за ўсё турбуе вось гэты боль у грудзях. Пачаўся сёньня з раніцы, і вельмі неяк непрыемна”.

Стан Сяржука Марчыка выклікаў занепакоенасьць іншых галадоўнікаў. Яны выклікалі “хуткую дапамогу”, лекар якой рэкамэндаваў баранавіцкаму юнаку вярнуцца дадому і прайсьці там паглыбленае мэдычнае абсьледаваньне.

Улады пакуль не рэагуюць на галадоўнікаў. У прыватнасьці, Жодзінскі гарвыканкам, паводле лідэра мясцовай суполкі “Маладога фронту” Паўла Красоўскага, на два тыдні падоўжыў разгляд іх заявы з патрабаваньнямі. Адным з патрабаваньняў было аднаўленьне ў якасьці навучэнца Жодзінскага політэхнікума непаўналетняга ўдзельніка акцыі Сяржука Мурашкі. Аднак лёс яго па-ранейшаму застаецца няпэўным.

Удзельнікі акцыі, паводле іх словаў, атрымліваюць падтрымку з боку прадстаўнікоў дэмакратычных партыяў і грамадзкіх арганізацый, шараговых грамадзянаў. Гаворыць Зьміцер Чарткоў:

(Чарткоў: ) “Прыяжджала Кася Камоцкая. Сьпявалі песьні. Была вельмі доўгая такая размова. Сёньня таксама хтосьці прыедзе з музыкаў”.

Тым часам, другі дзень трымаюць галадоўку яшчэ пяцёра актывістаў моладзевага руху, якія далучыліся да акцыі жодзінскіх актывістаў 30 траўня. Артур Фінькевіч і Зьміцер Дашкевіч зь Менску, Ігар Шчэкарэвіч, які цяпер жыве ва Ўкраіне, Валер Мацкевіч з Бабруйску і сябра руху “Зубр” Міхась Кандрашоў з Барысава.