Журналістку газэты “Неделя” выклікалі ў міліцыю

Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня журналістка Кацярына Ткачэнка чарговы раз была выклікана ў Савецкі райаддзел міліцыі Менску для тлумачэньняў наконт артыкула “Нашы палякі”, апублікаванага ў газэце “Неделя” ўвосень 2004 году.
У гэтым артыкуле крытыкавалася дзейнасьць былога кіраўніка Саюзу палякаў Беларусі Тадэвуша Кручкоўскага. Спадар Кручкоўскі палічыў, што факты, выкладзеныя ў артыкуле, зьневажаюць ягоныя гонар і годнасьць, дыскрэдытуюць яго ў вачах грамадзкасьці.

Пасьля таго, як спадар Кручкоўскі быў зьняты з пасады старшыні Саюзу палякаў, ён накіраваў у пракуратуру заяву з просьбай пачаць крымінальную справу паводле факту гэтай публікацыі. Паводле Кацярыны Ткачэнкі, тады праваахоўныя органы паведамілі, што ня лічаць мэтазгодным пачынаць справу супраць газэты. Аднак цяпер цікавасьць да гэтай публікацыі зноў зьявілася. Адметна, што гэта супала з новымі прэтэнзіямі да газэты “Неделя” і яе выдавецкага дому “Время”.