Генадзь Ананьеў: "Практычна маё жыцьцё цяпер – ад падатковай да падатковай"

Алесь Дашчынскі, Менск Усясьветная асацыяцыя газэт (WAN) заявіла ў сваёй чарговай справаздачы, што "ў Беларусі захоўваецца вельмі складаная сытуацыя са свабодай сродкаў масавай інфармацыі". WAN падкрэсьлівае, што ўрад Беларусі побач з урадамі Зімбабвэ, Кітаю, Кубы, Нэпала, Туркмэністана і Эрытрэі "адмаўляецца падзяліць манаполію на інфармацыю, працягваецца закрыцьцё беларускіх незалежных СМІ і юрыдычны ціск на іх".
Прэзыдэнт Усясьветнага форуму рэдактараў Джордж Брок назваў Беларусь сярод краінаў "з найбольш складанай сытуацыяй у галіне свабоды слова". Такую заяву ён зрабіў у Сэуле падчас адкрыцьця сусьветнага газэтнага кангрэсу. Апрача Беларусі да падобных краінаў, паводле спадара Брока, адносяцца Ірак, Кітай, Куба, Нэпал, Узбэкістан, Туркмэністан, Філіпіны і шэраг краінаў Цэнтральнай і Паўднёвай Амэрыкі.

У якасьці прыкладу Ўсясьветная асацыяцыя газэт прыводзіць у сваёй справаздачы гарадзенскую газэту "Биржа информации", выхад якой быў прыпынены на тры месяцы за крытыку кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі ў часе мінулагодніх выбараў і рэфэрэндуму. Таксама гэтая арганізацыя называе нездавальняючым расьсьледаваньне забойства журналісткі беларускай газэты "Салідарнасьць" Веранікі Чаркасавай.

Але ў гэты ж дзень, калі Ўсясьветная асацыяцыя газэт прэзэнтавала сваю справаздачу, міліцыянты спрабавалі правесьці ператрус на кватэры рэдактара газэты "Згода” Аляксея Караля. Нагадаю, пракуратура завяла крымінальную справу паводле артыкулу аб зьнявазе прэзыдэнта на старонках “Згоды”. Падставай сталі гумарыстычныя каляжы, якія потым былі канфіскаваныя ў рэдакцыі разам з кампутарамі. Аргтэхніку рэдакцыі дагэтуль не вярнулі, і на пэўны час рэдакцыя мусіла спыніць выданьне. Працягваецца перасьлед газэты "Народная воля" за публікацыю матэрыялаў пра далучнасьць да нафтавых угодаў з рэжымам Садама Хусэйна цяперашняга дэпутата палаты прадстаўнікоў Сяргея Гайдукевіча.

Судовы працэс у гэтай справе пачнецца 3-га чэрвеня ў Ленінскім судзе Менску. На днях супрацоўнікі Дубровенскай міліцыі без усялякіх тлумачэньняў сканфіскавалі наклад незалежнай газэты "Дзень". Можна таксама згадаць шэраг незалежных газэтаў, зачыненых уладамі, сярод іх газэты "Свабода" і "Навіны".

Я патэлефанаваў Генадзю Ананьеву, які зьяўляецца выдаўцом трох незалежных газэтаў "Время", Недели" і "АВ". Раней выхад "Времени" і "Недели" улады прыпынялі на тры месяцы, а цяпер усе гэтыя тры газэты не друкуюцца з-за адсутнасьці грошай.

(Ананьеў: ) "У чэрвені мы вельмі разьлічваем, што выйдзе "Время" і "Неделя". Але няма поўнай упэўненасьці, што гэта ўдасца зрабіць. Я ня бачу таксама зацікаўленасьці апазыцыі ў выданьні такіх газэт. Яны чамусьці ўвесь час асноўную ўвагу скіроўваюць на выданьне ўлётак, але ж улётка - гэта не сродак масавай інфармацыі, да яго і стаўленьне ў народа іншае ".

(Карэспандэнт: ) "Ці адчуваеце Вы ціск з боку ўладаў цяпер?"

(Ананьеў: ) "Канечне, хаця мы і не выходзім, ціск заўсёды ёсьць. Мяне выклікаюць ў падатковую інспэкцыю, у іншыя ўстановы, на мяне ціснуць, як толькі могуць. Намерваюцца наагул зачыніць выдавецкі дом "Время". Калі мы раней выдавалі газэту, то цяпер яны шукаюць адкуль узяліся грошы на яе выданьне. Практычна маё жыцьцё цяпер - ад падатковай да падатковай ".

Паводле Генадзя Ананьева, друкарні ў Беларусі адмовіліся друкаваць ягоныя газэты, таму рэдакцыя спрабуе іх выдаваць за мяжой - у Смаленску.

А як ацэньваюць сытуацыю ў сфэры СМІ беларускія ўлады? Беларускае міністэрства інфармацыі цьвердзіць, што яно, маўляў, "стварае неабходныя ўмовы для паўнавартаснага і ўсебаковага разьвіцьця інфармацыйнай прасторы". Маўляў, дзьве траціны ад агульнай колькасьці друкаваных выданьняў, тэлерадыёкампаніяў, інфармацыйных агенцыяў маюць недзяржаўную форму ўласнасьці. Аднак экспэрты паведамляюць, што колькасьць незалежных грамадзка-палітычных выданьняў нязначная і гэтыя выданьні перажываюць моцны ціск з боку дзяржавы. Паводле зьвестак Беларускай асацыяцыі журналістаў, у краіне застаецца 21 незалежнае грамадзка-палітычнае выданьне, але не ўсе яны выходзяць. Газэта "День" не зачынена, але ёй не даюць друкавацца. Гэтыя мэдыі пастаўленыя ў такія ўмовы, што ня маюць магчымасьці пашыраць сваю дзейнасьць. Вядома, да прыкладу, што амаль 40 мільёнаў даляраў беларускія ўлады накіравалі на падтрымку дзяржаўных мэдыяў. Недзяржаўныя, якія крытыкуюць уладу, такой падтрымкі ня маюць. Ёсьць, да прыкладу, каля 20-ці камэрцыйных рэгіянальных тэлестудый, але іх сузаснавальнікамі выступаюць выканкамы і пакеты праграм зацьвярджаюцца "вэртыкальлю".

Як жа памяняць сытуацыю, што трэба для свабоднага разьвіцьця прэсы ў Беларусі? Гэтае пытаньне да кіраўніка Цэнтру прававой абароны СМІ Беларускай асацыяцыі журналістаў Міхаіла Пастухова.

(Пастухоў: ) "Перш за ўсё трэба даць роўныя ўмовы дзейнасьці СМІ ўсіх формаў уласнасьці, каб яны былі ў аднолькавых умовах, каб не чыніліся перашкоды ніякім выданьням, каб дзяржава так моцна ня ўмешвалася ў дзейнасьць мэдыяў. Трэба даць свабоду электронным СМІ, правесьці разьдзяржаўленьне найперш тэлебачаньня і радыёвяшчаньня ."

А якія незалежныя выданьні ведаюць жыхары сталіцы, якія газэты яны чытаюць?

(Спадар: ) ""БДГ", "Народная воля", "Беларуская газэта". Ёсьць таксама вельмі шмат рэгіянальных газэт - гарадзенская "Біржа інфармацыі", іншыя газэты. Іх, на жаль, становіцца ўсё менш і менш ".

(Спадарыня: ) "Криминальное обозрение" люблю, таму што там праграма. Люблю газэты пра НЛА, наагул чытаць люблю, але ў мяне грошай не хапае. Я ўсе газэты купіла б, усе перачытала. Заробку не хапае ".

(Спадар: ) "Я практычна не чытаю ніякіх газэт ".

(Спадарыня: ) "Не чытаю і ня ведаю ".

(Спадарыня: ) "Я зрэдку чытаю гэту справу, чытаю "Народную волю".

(Спадарыня: ) "А яна незалежная? Я не чытаю. Не трапляюцца пад рукі, у першую чаргу таму ".

(Спадарыня: ) ""Народную волю" чытаю зрэдку, не заўсёды купіш".

(Спадар: ) "Асабліва не, бо цяпер газэты цяжка знайсьці. Бывае што чытаю "БДГ".

(Спадарыня: ) "Напэўна, "БДГ" і "Народную волю" - пэрыядычна. Іншы раз яны заангажаваныя ".

(Спадар: ) "Чытаю "Народную волю", не выпісваю, купляю".

(Спадарыня: ) "Не чытаю".

(Спадар: ) "Калі-некалі "Народную волю", як трапляецца на рукі".

(Спадар: ) "Ну чытаю, што там. Асабліва не ".

(Спадар: ) "Ня часта чытаю "БДГ ".

(Спадар: ) ""БДГ" і ўсё. Да таго моманту, калі яны была прыкрыта, выпісваў, а цяпер па меры магчымасьці купляю ".

(Спадарыня: ) ""Народную волю", іншы раз чытаю ".

(Спадар: ) "Не чытаю, не падабаецца мне прэса гэта. Я чытаю больш спартовыя выданьні і забаўляльныя ".

(Спадарыня: ) ""Беларуская газета" шмат гадоў запар, і вельмі задаволеная ёй". (Спадар: ) "Люблю нашыя газэты - "Советскую Белоруссию", "Республику".

(Спадар: ) "Ведаць ведаю, чытаць не чытаю - чытаць няма калі ".

(Спадар: ) "Знаю толькі "Народная воля" ёсьць і ўсё ".

(Спадар: ) "У інтэрнэце "Свабода", "Пагоня", "БДГ". Апазыцыйную прэсу стараемся вывучаць".

(Спадарыня: ) "Народную волю" чытаю, купляю. Добра, што яна ёсьць, павінны быць газэты разнаплянавыя ".