Што зробіш ты з каханаю бядою?

Новая перадача сэрыі "Магія мовы". Новая перадача сэрыі "Магія мовы".
“Што зробіш ты з каханаю бядою?” – так казала мая бабця-паляшучка, калі бяда тая ўжо ж замоцна сьціскала ў сваіх жарсьлівых абдымках. Шмат давялося бедаваць-гараваць беларусам, калі так багата гэтыя пачуцьці адлюстраваныя ў нашай мове: бяда і вымучыць, і вывучыць; бяда розуму вучыць; бяда дакучыць ды розуму навучыць; пасьля бяды кожны разумны; бяда й гора – з аднаго мора. Нат апяваць сваё гора ў балядах пачалі: “Яна ў горы не радзілася – само гора прыкацілася. Пойдзе з гора ў чыста поле – гора за ёй катком коціць. Яна з гора ў сіня мора – гора за ёй селязьнем плыве. Яна з гора ў цёмны лясы – гора за ёй салавейкам... Яна ад гора ды ў магілачку – гора за ёй ды з лапатачкай...” Апяваць пачалі ды – дзіва дзіўнае – пакахалі!.. Што зробіш ты з каханаю бядою?

Найцікавейшы прыклад таго, як бедавалі беларусы, пачула аднойчы ад знаёмага мастака, а той калісьці – ад аднаго старога чалавека, які быў на кані, пад канём і ў каня пад хвастом... Ён так казаў: “Добра вам цяпер жывецца, дзетачкі, і суботка ёсьцека, каб паляжаць, і нядзелька, каб выспацца. А ў нас жа ж і іх не было! Загадаюць у пяць дзён пражыць – ну й жылі: панядзелак, аўторак, серада, чацьвер ды пятніца... А па ёй – зноў панядзелак!” Было тое, відаць, на досьвітку бальшавізму ў Беларусі, а што за сызмор такі – ня ведаю! Мо гісторыкі што падкажуць?

Выходзіць, і так людзі жылі. Што зробіш ты з каханаю бядою? Анічога! Але ж, каб “з лапатачкай” кунежніца над табой не стаяла, варта “блізарукую памяць” узброіць акулярамі: шчасьце не цукерка – само ў руку ня ляжа!