У Гомельскі Савет старэйшын увайшлі пераважна былыя камуністычныя чыноўнікі

Казімір Яноўскі, Гомель Пад патранажам аблвыканкаму ў Гомелі створаны Савет старэйшын – грамадзкае аб`яднаньне з надзвычай шырокім колам паўнамоцтваў. У склад Савета увайшлі былыя сакратары гаркамаў ды райкамаў, колішнія савецкія дырэктары прадпрыемстваў і асобныя абласканыя уладаю рабочыя з ордэнамі ды медалямі былога СССР.
Узначаліць Савет старэйшын будзе колішні першы сакратар гаркаму Юрый Самборскі. Ягоныя намесьнікі – таксама былыя партыйныя сакратары Васіль Ляскоў і Уладзімер Казлоўскі, якія пазьней працавалі і ў іншых структурах. Спадар Ляскоў да выхаду на пэнсію– у афіцыйных прафсаюзах, Казлоўскі і зараз з`яўляецца дырэктарам грамадзка-культурнага цэнтру.

Старшыня аблвыканкаму Аляксандр Якабсон, які веў першае паседжаньне Савету, заяўляў, што аб`яднаньне мае на мэце больш поўна выкарыстаць практычны вопыт былых кіраўнікоў дзеля вырашэньня сучасных задач сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця рэгіёну. І далей удакладніў. Яны, маўляў, будуць браць удзел у пасяджэньнях камісіяў і сэсіях аблсавету, ва ўрачыстых мерапрыемствах, выездах інфармацыйна-прапагандысцкіх груп і нават у перадвыбарчых кампаніях.

Паколькі паведамленьне пра стварэньне Савету старэйшын

надрукавана ў мясцовай прэсе, учора будучы ў Жлобіне, я спрабаваў высьветліць стаўленьне людзей да такога грамадзкага аб`яднаньня. Гаворыць кіраўнік Жлобінскай арганізацыі ПКБ Валер Рыбчанка:

(Рыбчанка:) “Стварэньне вось гэтага Савета старэйшын з чальцоў КПБ робіцца з той нагоды, каб у адказ на даволі актыўную пазыцыю часткі камуністаў ПКБ, выставіць лаяльных камуністаў і ў далейшым мець ад іх адкрытую падтрымку напярэдадні наступных палітычных кампаніяў”, - мяркуе спадар Рыбчанка.

Яшчэ адзін актывіст – лідэр Жлобінскай арганізацыі АГП Пятро Мірашнічэнка зьвяртае увагу, што ўлады ствараюць паслухмяныя, кішэнныя грамадзкія арганізацыі, ажыцьцяўляючы уціск на самастойныя:

(Мірашнічэнка:) “Што ўлады Гомельскай вобласьці стварылі такі Савет, няблага. Але калі яны пякуцца наконт вырашэньня сацыяльна-эканамічных задач сіламі грамадзкасьці, то чаму так настойліва і мэтанакіравана імкнуцца зьнішчыць палітычныя і грамадзкія аб`яднаньні, якія зьяўляюцца неад’емнаю часткаю грамадзянскай супольнасьці. Таму мне падаецца, што Савет старэйшын хутчэй за ўсё будзе абслугоўваць ідэалягічныя патрэбы “вертыкалі”.