Папярэджаньне – за ўдзел у “Чарнобыльскім шляху”

Браніслава Станкевіч, Віцебск У несанкцыянаваным шэсьці 26 красавіка ў Віцебску ўзялі ўдзел некалькі дзясяткаў чалавек. Нягледзячы на тое, што затрыманьняў у часе акцыі не было, віцебскія міліцыянты празь дзесяць дзён склалі на Алену Залескую пратакол пра адміністрацыйнае парушэньне і перадалі яго ў суд. Сёньня суд абвясьціў Залескай папярэджаньне.
Паводле міліцэйскага пратаколу, які 6 траўня склаў Аляксей Захаранкаў, адказны за ахову правапарадку ў Кастрычніцкім райаддзеле, менавіта старшыня гарадзкой арганізацыі АГП спадарыня Залеская кіравала несанкцыянаванай акцыяй “Чарнобыльскі шлях”, якая прайшла ў Віцебску 26 красавіка. Паводле гэтага дакумэнта яна і была выклікана ў суд.

Аднак судзьдзя раённага суду Валянціна Міхасёва папярэдзіла Алену Залескую толькі за ўдзел у несанкцыянаваным шэсьці, не прыняўшы да ўвагі аповеды сьведкаў-міліцыянтаў пра тое, што, седзячы ў машыне, яны бачылі, як гэтая жанчына падыходзіла да розных людзей, рабіла, як яны выказаліся, “нейкія жэсты рукамі”, і такім чынам нібыта кіравала ўсім працэсам. Да таго ж спадарыня Залеская трымала мэгафон, хаця ніводнага ейнага слова са сваёй машыны міліцыянты ня чулі.

Спадарыня Залеская не адмаўляла таго, што праз мэгафон яна чытала вершы пра Чарнобыльскую трагедыю, ідучы ў калёне разам зь іншымі ўдзельнікамі акцыі. За гэта ёй і было абвешчана судовае папярэджаньне. Пачуўшы такі прысуд, Алена Залеская сказала:

(Залеская: ) “Сьмешны, канечне, прысуд! Мяркуючы па паводзінах і судзьдзі, і міліцыянтаў, яны ўсё разумеюць. Яны да нас ляяльныя. Але, напэўна, націснулі зь Менску, маўляў, што гэта ў вас там людзі па вуліцах ходзяць, а вы іх не караеце? Мы ж тут сваіх пасадзілі, аштрафавалі… Адным словам, далі загад. Ну і вось пакараньне: гэткі мяккі, пяшчотны варыянт — “папярэджаньне”.

Прысутны на судзе капітан Аляксей Захаранкаў, які ініцыяваў гэты працэс над Аленай Залескай, ухіліўся ад адказу на пытаньне, ці варта неўзабаве чакаць іншых падобных судовых справаў.

(Захаранкаў: ) “Усе інтэрвію — толькі ў прэсавым цэнтры МУС. Я “чалавек у форме”, і я не ўпаўнаважаны на такія пытаньні адказваць”.

Спадар Захаранкаў дазволіў сабе сказаць толькі тое, што апэратыўныя відэаздымкі “Чарнобыльскага шляху” яшчэ дасьледуюцца віцебскімі міліцыянтамі, якія спрабуюць ідэнтыфікаваць асобы іншых удзельнікаў.