У Жодзіне з гімназіі выкідаюць падлеткаў-сяброў "Маладога фронту"

Любоў Лунёва, Менск У Жодзіне маладафронтаўцам няма месца ў навучальных установах. Актывісты “Маладога фронту” занепакоеныя сытуацыяй, якая склалася ў навучальных установах Жодзіна ў дачыненьні да апазыцыйнай моладзі. Каля двух дзясяткаў сяброў Жодзінскай філіі былі выключаныя са сьпісу навучэнцаў альбо сутыкнуліся з пагрозамі адлічэньня з навучальных установаў.
Сьпіс непаўналетніх сяброў “Маладога фронту”, якіх адміністрацыя школаў і гімназіяў папярэдзіла аб выключэньні, павялічваецца. Міністэрства адукацыі выдала загад аб адлічэньні дзьвюх вучаніц Жодзінскай жаночай гімназіі. Натальля Максімава і Вольга Галубец удзельнічалі ў апазыцыйных моладзевых акцыях. Іх выклікалі да дырэктаркі на размову.

Бацькі дзяўчынак спрабавалі дамовіцца з адміністрацыяй гімназіі, каб дзяўчынкам далі скончыць гэтую навучальную ўстанову. Гаворыць Вольга Галубец:

(Галубец: ) “Нашы мамы хадзіла да дырэктаркі, каб гэтую справу неяк замяць. Але нам cказалі, што нават ад міліцыі ўжо мала што залежыць. Усё будзе вырашацца ў Міністэрстве адукацыі. А Міністэрства адукацыі ўжо даслала загад, каб нас выключылі з гімназіі. Дырэктарку і завуча выклікалі ў Міністэрства на размову. Завуч хоча пазбавіцца такіх вучаніц, як мы, бо з-за нас і ў завуча, і ў дырэктаркі будуць праблемы. Спэцыялізацыя гімназіі палягае ў тым, каб з нас зрабіць добрых хатніх гаспадыняў. Але я лічу, што выказваць сваю грамадзянскую пазыцыю, гэта ня менш важная справа”.

17-гадовай Дар’і Пісарэнцы за ўдзел у несанкцыянаваным пікеце супраць перасьледу сяброў “Маладога фронту” цяпер адміністрацыя школы, дзе яна вучыцца, таксама пагражае адлічэньнем.

18 траўня адбылося паседжаньне адміністрацыйнай камісіі гарвыканкаму, дзе судзілі непаўналетніх маладафронтаўцаў за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях. Бацькоў Натальлі Максімавай, Дашы Пісарэнкі, Вольгі Галубец і Юрася Смольскага (малодшага брата Алеся Смольскага, якога выключылі з сувораўскай вучэльні) пакаралі штрафамі. Усіх навучэнцаў паставілі на ўлік у міліцыю як непаўналетніх правапарушальнікаў.

Павал Севярынец лічыць, што хваля рэпрэсіяў у Жодзіне выклікана тым, што там самая моцная суполка “Маладога фронту”.

(Севярынец: ) “Маладыя людзі прыблізна аднаго пакаленьня, пастаянна бываюць на акцыях у Менску, увесь час праводзяць акцыі ў Жодзіне, арганізоўваюць там грамадзкі рух — фактычна зьяўляюцца галоўнай апазыцыйнай сілай у гэтым горадзе. Самае небясьпечнае для ўлады тут у тым, што гэта моладзь. Для такога гораду, як Жодзіна, моладзевы рух — гэта, сапраўды, небясьпека для ўладаў. Яны папросту ня ведаюць, што з гэтым рабіць. Калі партыі можна зачыніць, “разабрацца” зь нейкімі недзяржаўнымі арганізацыямі, то нефармальны моладзевы рух — гэта самае страшнае, што ў кантэксьце Ўкраіны, Грузіі, Кыргызстану можа бачыць цяпер улада”.

Дырэктараў і завучаў навучальных установаў Жодзіна выклікалі ў Міністэрства адукацыі на размову. Назіральнікі лічаць, што чыноўнікі будуць даваць ім рэкамэндацыі, як эфэктыўна супрацьдзейнічаць апазыцыйным навучэнцам.