Для чаго ў Менску павялічваюць шэрагі АМОНу?

Галіна Абакунчык, Менск Колькасны склад атраду міліцыі асобага прызначэньня ў Менску будзе павялічаны на 15—20 %. У Міністэрстве ўнутраных справаў гэта тлумачаць неабходнасьцю лепшай арганізацыі бясьпекі грамадзянаў у часе культурна-масавых мерапрыемстваў. Лідэры апазыцыйнага палітычнага руху павелічэньне АМОНу называюць пачаткам падрыхтоўкі ўладаў да прэзыдэнцкіх выбараў.
Як паведамляюць у Міністэрстве ўнутраных справаў, у менскім АМОНе сёньня 300 чалавек. Гэта, нібыта, найменшая колькасьць сярод сталіцаў краінаў СНД. І пашырэньне штату мае на мэце зьменшыць фізычную нагрузку на шарагоўцаў, а таксама арганізаваць паўнавартасную бясьпеку гараджанаў, паведаміў “Свабодзе” кіраўнік прэсавай службы менскай управы міліцыі Алег Сьлепчанка.

(Сьлепчанка: ) “Толькі за апошнія чатыры месяцы ў горадзе было каля 600 розных імпрэзаў. Таму гэта натуральны працэс павелічэньня штату — вось і ўсё”.

Атрад міліцыі асобага прызначэньня — гэта адмыслова падрыхтаваная, узброеная структура сыстэмы Міністэрства ўнутраных справаў, якая была створаная на пачатку 1990-х з мэтай барацьбы з арганізаванай узброенай злачыннасьцю. І прыцягненьне АМОНу на ахову грамадзкага парадку апошнімі гадамі ёсьць палітычна матываваным рашэньнем, кажа колішні міністар унутраных справаў Мечыслаў Грыб.

(Грыб: ) “Асабовы склад іншых падразьдзяленьняў, звычайных супрацоўнікаў міліцыі — іх цяжка прымусіць ужываць сілу супраць няўзброеных мірных грамадзянаў, якія выходзяць на вуліцы. А гэтыя падразьдзяленьні адмыслова рыхтуюцца, праходзяць адмысловую праграму. І калі ім будзе аддадзены адмысловы загад — страляць, біць, не пускаць — яны пойдуць”.

Паводле спадара Грыба, павелічэньне колькаснага складу АМОНу ёсьць падрыхтоўкай уладаў да прэзыдэнцкіх выбараў, з улікам падзеяў, якія адбываюцца ў краінах СНД. З гэтым меркаваньнем пагаджаюцца таксама іншыя прадстаўнікі дэмакратычных апазыцыйных сілаў. Вось што сказаў у інтэрвію “Свабодзе” намесьнікі кіраўніка Аб’яднанай грамадзянкай партыі Аляксандар Дабравольскі:

(Дабравольскі: ) “Лукашэнка баіцца больш, чым раней, што ён страціць уладу. Ён не ўяўляе сябе без улады. А гэта вельмі небясьпечны чалавек, для якога ўлада азначае тое, што і жыцьцё. Ён хоча адгарадзіцца ад грамадзтва свайго, ад сваіх выбаршчыкаў, ад тых, хто зь ім ня згодны і хто хацеў бы, каб людзі мелі права выбару. Вось ён і павялічвае колькасьць АМОНу”.

Як паведамляюць у Міністэрстве ўнутраных справаў, да 300 салдат гэтага падразьдзяленьня неўзабаве будуць далучаныя прыкладна яшчэ 70.

Нагадаем таксама, што на пачатку году ўступіла ў дзеяньне распараджэньне Аляксандра Лукашэнкі, паводле якога супрацоўнікі праваахоўчых органаў мусяць выконваць усе непасрэдныя адмысловыя загады кіраўніка краіны.