Сяргей Скрабец абвясьціў галадоўку за кратамі

Уладзімер Глод, Менск Пра пачатак галадоўкі Радыё Свабода паведаміў 17 траўня памочнік экс-дэпутата Сяргей Галаганюк. Ён упэўнены, што галадоўка будзе працягвацца доўга. Тым больш, што Сяргей Скрабец у маладосьці вывучаў лекаваньне голадам. А летась ён лягчэй за іншых перанёс галадоўку, якую трымаў разам з групай іншых палітыкаў.
Аляксандра Скрабец працуе лекарам-тэрапэўтам і добра ведае, як небясьпечна пачынаць галадаваньне без папярэдняй падрыхтоўкі. А яна лічыць, што муж адмовіўся ад ежы яшчэ 15 траўня, адразу ж пасьля свайго арышту:

(Аляксандра Скрабец: ) “Ён ня есьць. Як яго туды, у Берасьце, прывезьлі, так ён нічога і ня есьць”.

Аляксандру суцяшае тое, што Сяргей знаёмы з мэтодыкай галадовак. Яна згадвае, што муж двойчы наведваў Тыбэт, дзе цікавіўся мясцовай мэдыцынай. Аляксандра Скрабец расказала мне, што ў панядзелак, 16 траўня, іхнай дачцэ Натальлі споўнілася 16 гадоў. Дзень нараджэньня дзяўчынка вымушана была адзначаць бяз бацькі. Да позьняга вечара не было дома і маці, якая ў той дзень езьдзіла ў Берасьце, каб падпісаць дамову з адвакатам, які будзе абараняць мужа. Аляксандра Скрабец гаворыць, што калі вярнулася дахаты, у дачкі быў заплаканы твар:

(Аляксандра Скрабец: ) “Плакала. Палезла ў Інтэрнэт, а там пра ўсё гэта на першых палосах...”

У Скрабцоў двое дзяцей: апроч Натальлі, 19-гадовы сын Мікалай. Але яго, студэнта, няма цяпер у Менску.

Спадар Галаганюк лічыць, што Сяргея Скрабца хутка могуць вярнуць у Менск. Ён тлумачыць гэта так:

(Галаганюк: ) “Мне падаецца, гэта надоўга. Таму што ў іх не атрымалася зь нейкім хабарам, яны “накапалі” там нейкую кашу. І таму хочуць накіраваць Скрабца ў Менск, мабыць, будуць пераводзіць у сталіцу і аб’ядноўваць усе справы ў адну”.

(Карэспандэнт: ) “Вы маеце на ўвазе справу гандлёвага дому “БелБабаеўскі”?”

(Галаганюк: ) “Так, гэта таксама. Яны хочуць мець стопрацэнтны эфэкт, думаюць, гэта — атрымаецца, гэта — не. І цяпер будуць ва ўсіх справах абвінавачваць адначасова. Так яны паведамілі”.

Сяргей Скрабец у Палаце прадстаўнікоў папярэдняга скліканьня ўзначальваў дэпутацкую групу “Рэспубліка”. Да абраньня дэпутатам ён кіраваў гандлёвым домам “БелБабаеўскі”. У 2003 годзе Сяргея Скрабца абвінавачвалі ў незаконным атрыманьні крэдытаў ад дзяржавы. Летась у кастрычніку ён зьвярнуўся да прэзыдэнта Расеі з просьбай пра палітычны прытулак, аднак атрымаў адмоўны адказ.

Сёлета ў красавіку Беларускае тэлебачаньне паказала сюжэт, у якім сьцьвярджалася, што спэцслужбы затрымалі кур’ера, які вёз зь Вільні 200 тысяч даляраў для фінансаваньня палітычнай дзейнасьці Сяргея Скрабца.