Беларуская прэса за 13 траўня

Зьміцер Падбярэскі, Менск
“Полесская правда”, 1925 год:

“Першым пунктам парадку дня Ўсесаюзнага зьезду Саветаў стаіць пытаньне аб уваходжаньні Ўзбэкістану і Туркмэністану ў склад Саюзу як раўнапраўных сяброў нашага агульнага дзяржаўнага аб’яднаньня. Дагэтуль наш Саюз складаўся з чатырох частак: РСФСР, Беларусі, Украіны і Закаўкаскай фэдэрацыі; у цяперашні час дадаюцца дзьве рэспублікі: Узбэкістан і Туркмэністан, якія прадстаўляюць сабой Сярэднюю Азію. Гэтыя новыя зьмяненьні ў нашай саюзнай канстытуцыі маюць вялізнае значэньне”.

“Бацькаўшчына”, 1955 год:

“На Беларусі адным часам быў сакратар ЦК Воўкаў, а старшынёю Саўнаркому — Ваўковіч. Да спалучэньня гэтых прозьвішчаў папросту ўсе былі прывыклі. Раптам Ваўковіча здымаюць з працы, як ворага народу, і прызначаюць замест яго Кавалёва. Адна з дыктарак Менскае радыёстанцыі, маладая дзяўчына, перадаючы якуюсь пастанову, замест “Воўкаў, Кавалёў”, па старой прывычцы аб’явіла “Воўкаў, Ваўковіч”. Гэтага было дастаткова, каб яе адразу-ж тут арыштаваць і пазьней расстраляць, а бацькоў адправіць на выгнаньне ў Калыму”.

“Звязда”, 1995 год. Максім Танк:

“Увогуле мне цяжка ўсвядоміць усё тое, што адбылося зь Беларуссю на працягу ХХ стагоддзя. Столькі было прынесена ахвяр на алтар свабоды і незалежнасці! У 1930-х гадах беларускія патрыёты ў Заходняй Беларусі ішлі ў турмы за тое, каб іх браты маглі гаварыць і вучыць дзяцей на роднай мове… А цяпер адбываецца многа незразумелых мне рэчаў. Напрыклад, да мяне калі-нікалі наведваюцца “хадакі” з інтэлігенцкага асяродка, якія просяць падпісаць тую ці іншую адозву, праект, прапанову, заклік, пратэст. Я падпісваю розныя паперы, хаця не веру ў іх мэтазгоднасць. Лепш пісаць вершы. Яны лепш за ўсё раскажуць пра тое, пра што баліць душа, што непакоіць мяне як грамадзяніна”.