Адміністрацыйная камісія апраўдала затрыманага міліцыяй студэнта

Вінцэсь Мудроў, Наваполацак Адмысловая камісія пры Наваполацкім гарвыканкаме разгледзела адміністрацыйную справу па факце затрыманьня падчас распаўсюду студэнцкага беларускамоўнага бюлетэню студэнта 2 курсу Полацкага дзяржунівэрсытэту Алега Вяжэвіча.
Азнаёміўшыся з пратаколам затрыманьня і зьместам канфіскаваных бюлетэняў, адміністрацыйная камісія вынесла пастанову: справу з прычыны адсутнасьці складу правапарушэньня закрыць, а канфіскаваныя міліцыяй асобнікі бюлетэню вярнуць уладальніку.

21 красавіка непасрэдна ў сьценах Полацкага дзяржунівэрсытэту, першым прарэктарам былі затрыманыя студэнты 2 курсу Алег Вяжэвіч і Вольга Семянчукова, якія распаўсюджвалі студэнцкі беларускамоўны бюлетэнь “Макасін”. Пасьля прафіляктычнай гутаркі, яны былі дастаўленыя ў міліцыю, дзе на іх быў складзены пратакол аб парушэньнім артыкулу 172 пункт 3 КоАП — распаўсюд друкаваных матэрыялаў без выходных зьвестак. Заўважым, што бюлетэнь “Макасін” ня мае палітычнай афарбоўкі і распавядае выключна пра праблемы студэнцкага жыцьця. Гаворыць Алег Вяжэвіч:

(Вяжэвіч: ) “Да гэтай пары нікога за распаўсюд бюлетэню не забіралі. Я таксама ня мог сабе ўявіць, што апынуся ў міліцыі… Лічыў, дадуць штраф. Але камісія, азнаёміўшыся зь бюлетэнем, справу зачыніла. Справядлівасьць узяла верх, і я вельмі тым задаволены”.

Заўважым таксама, што ў Наваполацку гэта першы выпадак, калі адміністрацыйная камісія апраўдвае затрыманых за распаўсюд незалежных выданьняў грамадзянаў. Адміністрацыйная справа студэнткі Вольгі Семянчуковай будзе разглядацца камісіяй 12 траўня.