У мітынгу каля штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку ўдзельнічала каля сотні чалавек

Аляксей Знаткевіч, Прага У Нью-Ёрку каля штаб-кватэры ААН на Манхэтэне адбыўся мітынг у памяць гадавіны чарнобыльскай аварыі і супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Паводле старшыні КХП-БНФ Зянона Пазьняка, у мітынгу ўзялі ўдзел больш за 100 чалавек, збольшага – маладыя беларусы.
Я запытаўся спадара Пазьняка, ці лічыць ён, што на палітыку цяперашняй беларускай улады ў дачыненьні да наступстваў аварыі на ЧАЭС можна неяк паўплываць – у прыватнасьці, празь міжнародныя арганізацыі?

(Пазьняк: ) "Я думаю, што не. Гэтую ўладу трэба толькі зьмяніць. Гэтая ўлада крымінальная, злачынная, і яна ня ёсьць беларуская. Гэта ўлада, якая выконвае чужую палітыку, накіраваную на вынішчэньне беларускай нацыі. Таму ўплываць тут немагчыма, яе трэба толькі адхіліць ад улады".