Як ацэньваюць Леніна ў Беларусі?

Іна Студзінская, Менск Амаль усё мінулае стагодзьдзе – ажно да 1991 году – доўжылася эра Ільіча. Спачатку яго абагаўлялі, апявалі ў шматлікіх мастацкіх творах. А потым кінуліся ў іншую крайнасьць – адны прымалі яго за нейкага д’ябла, іншыя робяць выгляд, што такой палітычнай фігуры наагул не было. Што ведае пра Леніна новае пакаленьне беларусаў і як да яго ставяцца тыя, хто ня так даўно апяваў і абагаўляў?
Пакаленьне, што нарадзілася на пачатку 90-х гадоў ХХ стагодзьдзя – сёньняшнія 13-14-гадовыя падлеткі – вельмі цьмяна ўяўляе, хто гэта такі.

(Карэспандэнтка: ) “Ты ведаеш, хто такі Ленін?”

(Дзяўчынка: ) “Ведаю. Грамадзкі дзеяч”.

(Карэспандэнтка: ) “А што ён зрабіў?”

(Дзяўчынка: ) “Ня ведаю...”

(Карэспандэнтка: ) “Хто такі Ленін, ведаеш?”

(Падлетак: ) “Чуў, але ня ведаю, што ён зрабіў – ня ведаю”.

Хто ў Беларусі дагэтуль сапраўды з павагай ставіцца да Леніна – дык гэта камуністы. Гаворыць першы сакратар Партыі камуністаў Беларускай Сяргей Калякін.

(Калякін: ) “Унёсак Леніна ў тое, што Беларусь сёньня зьяўляецца сувэрэннай дзяржавай, вельмі вялікі. Калі б не ягоная лінія тады па нацыянальным пытаньні, то Беларусь магла б і ня стаць сувэрэннай дзяржавай”.

Ну а што кажуць сёньня аўтары беларускай ленініяны? Ільіча хто толькі зь беларускіх паэтаў і пісьменьнікаў не апяваў – ад Якуба Коласа (“Жыве між нас геній”) да Рыгора Барадуліна (“Партрэт на сьцяне”), ад Уладзімера Караткевіча (“Ленін калыша дзіця”) да Генадзя Бураўкіна (“Ленін думае пра Беларусь”).

Ленінскі верш народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна быў нават у беларускім “Буквары”!

(Барадулін: ) “Усе пісалі, і я пісаў. Агульнае было абалваньваньне. У мяне ня так шмат было вершаў пра Леніна… Безумоўна, я б цяпер не пісаў”.

А вось Генадзь Бураўкін ніколі не саромеўся, што напісаў паэму “Ленін думае пра Беларусь”:

(Бураўкін: ) “Пражыўшы шмат часу пасьля таго, як Ленін перастаў быць іконай, якой ён быў для майго пакаленьня, сёньня слухаючы, што гавораць іншыя правадыры, я хачу сказаць, што Ленін быў не дурным палітыкам. І некаторым палітыкам было б карысна перачытаць ягоныя творы. Мы кідаемся з адной крайнасьці ў іншую. То быў Ленін абсалютна бязгрэшны, сьвяты, увесь са сьвятла і мудрасьці, то цяпер мы зь яго, жывога чалавека, у якога ўсякае было, і на жаль, вельмі многа было трагічнага, робім нейкага д’ябла. На жаль, праўда прыйшла пазнавата...”

Гэта было меркаваньне паэта Генадзя Бураўкіна. А вось што думаюць тыя, хто, хутчэй за ўсё, ягоную паэму так і не прачытае:

(Карэспандэнтка: ) “А ты ведаеш, хто такі Ленін?"

(Хлопчык: ) “Так. Ленін – гэта палітычны дзеяч, які ўгробіў многа народу”.

(Карэспандэнтка: ) “Адкуль ты гэта ведаеш, вы ў школе праходзілі пра Леніна?”

(Хлопчык: ) “Не, яшчэ не праходзілі. Але я лічу, што калі б маўзалей разбурылі, людзям было б карысьней”.

Беларускія сацыёлягі не праводзілі адмысловых дасьледаваньняў, каб спраўдзіць адносіны грамадзтва да Леніна. А вось вынікі красавіцкага апытаньня расейцаў: 58 працэнтаў насельніцтва краіны станоўча ацэньваюць ягоную ролю ў гісторыі…