Расея разглядае Беларусь як расейскі "сухапутны авіяносец"?

Алег Грузьдзіловіч, Менск Расейскі міністар абароны Сяргей Іваноў і Аляксандр Лукашэнка ў Менску абмяркавалі вайсковыя пытаньні. Лукашэнка лічыць, што абедзьвюм краінам патрэбны магутны шчыт на захадзе. Між тым, паводле незалежных аглядальнікаў, гаворка ідзе пра тое, каб Беларусь стала расейскім “сухапутным авіяносцам”, які нацэлены супраць Эўропы.
20 красавіка ў Менску адбылася сумесная нарада калегіяў міністэрстваў абароны Беларусі і Расеі з удзелам міністра абароны Расеі Сяргея Іванова і ягонага беларускага калегі Леаніда Мальцава.

Таксама Сяргей Іваноў сустрэўся ў Менску з Аляксандрам Лукашэнкам і абмеркаваў зь ім умацаваньне сумеснай вайсковай групоўкі. “Я не кажу, што мы заўтра будзем з кімсьці ваяваць, але нам трэба рабіць гэтак, каб нікому не хацелася з намі ваяваць”, — паводле агенцыі “Інтэрфакс”, сказаў на сустрэчы Аляксандар Лукашэнка.

Расея і Беларусь ужо маюць сумесную вайсковую групоўку, разам кантралююць заходнюю паветраную прастору, на тэрыторыі Беларусі расейцы бясплатна карыстаюцца двума вайсковымі аб’ектамі, якія прыроўненыя да базаў. У якім яшчэ кірунку можа разьвівацца вайсковае супрацоўніцтва дзьвюх краінаў?

Афіцыйна паведамляецца, што Расея па ўнутраных коштах паставіць у Беларусь ракетныя комплексы С-300 для трох ракетных дывізіёнаў. Гэта забясьпечыць сучасны ўзровень супрацьпаветранай абароны заходняга кірунку. Пра іншыя галіны супрацоўніцтва зьвестак менш. Амаль закрытая інфармацыя пра тое, якая беларуская зброя і тэхнічныя вырабы могуць зьявіцца ў расейскім войску. Незалежны вайсковы аглядальнік Аляксандар Алесін лічыць, што такія пэрспэктывы ёсьць.

(Алесін: ) “Па-мойму, ёсьць зацікаўленасьць і расейскага боку ў беларускіх вайсковых кампанэнтах. З наступнага году расейцы пачнуць сэрыйную вытворчасьць новых ракетных комплексаў “Топаль М”, а гэтыя комплексы цалкам зьмешчаныя на цягачах Менскага заводу. Расейцы спрабавалі зрабіць свае цягачы, гэтага дамагалася іх прамысловае лобі, але нічога не атрымалася. Потым вагалася кіраўніцтва: ці варта аддаваць іншай краіне вытворчасьць кампанэнту для стратэгічнай зброі? Але пасьля сочынскай сустрэчы Пуціна з Лукашэнкам, верагодна, будзе дадзеная згода. Ім патрэбны некалькі соцень комплексаў, цалкам яны яшчэ ня вызначыліся, але дакладна ня менш за 300—350”.

Паводле Аляксандра Алесіна, ня меншым унёскам Беларусі ў абарону Расеі стане прадастаўленьне вайсковых аэрадромаў для расейскіх самалётаў Ту-160. Гэты самалёт лічыцца самым вялікім ракетаносцам у сьвеце. Ён нясе дванаццаць стратэгічных крылатых ракет. Узьлёт такіх ракетаносцаў з аэрадромаў у Беларусі адразу амаль на тысячу кілямэтраў павялічвае дасягальнасьць гэтай зброі. Ракетамі змогуць дасягаць тэрыторыі Вялікабрытаніі ці Заходняй Францыі, адзначае аглядальнік. Паводле Аляксандра Алесіна, гэты фактар значна падвышае каштоўнасьць беларускага хаўрусьніка для Расеі.

(Алесін: ) “Атрымліваецца, што Беларусь — як сухапутны авіяносец. Тут такая сетка аэрадромаў для стратэгічных бамбавозаў і ракетаносцаў. Вось нядаўна былі манэўры, і сюды прыляталі і Ту-160, і Ту-95. Прычым у савецкі час не было ўмоваў для прыняцьця Ту-160, а цяпер, атрымліваецца, зьявіліся, калі яны сюды прыляталі”.