Дагэтуль не знайшлі забойцу журналісткі Веранікі Чаркасавай

Любоў Лунёва, Менск Сваякі забітай журналісткі Веранікі Чаркасавай абвінавачваюць сьледчыя органы ў бязьдзеяньні. Вераніку Чаркасаву забілі летась 20 кастрычніка ў яе кватэры. Забойца нанёс ёй некалькі нажавых ранаў. Цела журналісткі знайшлі позна ўвечары яе сын і айчым. Яны самі выклікалі міліцыю. Потым менавіта іх пракуратура прызнала падазраванымі ў забойстве.
Маці Веранікі Дыяна Чаркасава і айчым Уладзімер Мялешка 19 красавіка правялі прэсавую канфэрэнцыю. Яны лічаць, што сьледзтва не рэагуе на заклікі міжнародных праваабарончых арганізацыяў разглядзець вэрсію забойства, зьвязаную з прафэсійнай дзейнасьцю Веранікі.

15-гадовы сын Веранікі Чаркасавай у выніку допытаў перажыў моцны стрэс і трапіў у псыханэўралягічны шпіталь. У лютым ён зьехаў у Маскву да свайго бацькі, каб пазьбегнуць прымусовай псыхіятрычнай экспэртызы. Бабуля Антона паведаміла, што ўнук добра вучыцца ў школе, але сумуе па радзіме.

(Чаркасава: ) “Яму цяжка бяз нас, і нам цяжка безь яго. Мы рады хаця б таму, што ён вучыцца і жыве ня ў кепскіх умовах. Але ж гэта ня дома. Зможа ён сюды вярнуцца ці не? Мы ня можам на гэта адказаць. Няма ўпэўненасьці, бо ня верым людзям, якія займаюцца гэтай справай. Яны зацікаўленыя ў сваіх нейкіх справах, а ня ў тым, каб адшукаць праўду”.

Уладзімер Мялешка дадаў:

(Мялешка: ) “Мы ня ведаем, хто забіў Вераніку. Але мы бачым — папросту на нашых вачах — што забіваюць нашага ўнука. Гэта робіцца на нашых вачах і на вачах нашых калегаў… Шчыра кажучы, мне вельмі крыўдна за тых, хто яшчэ дзейнічае і ішоў раней побач з намі… Кожнага чалавека жыцьцё ставіць перад выбарам. Кожны робіць свой выбар”.

Забойства Веранікі Чаркасавай фігуруе ва ўсіх справаздачах міжнародных праваабарончых арганізацыяў. У сакавіку “Рэпартэры бязь межаў”, у красавіку “Артыкул 19” накіравалі звароты ў генэральную пракуратуру і ў адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі з просьбай разгледзець усе вэрсіі жорсткага забойства. У некаторых недзяржаўных выданьнях прыводзіліся магчымыя матывы злачынства. Паводле закону аб пракуратуры, яна мусіць рэагаваць на публікацыі ў друку.

Намесьнік кіраўніка сьледчага аддзелу Віктар Фешчанка вядзе крымінальную справу Веранікі Чаркасавай. Ён паведаміў Радыё Свабода, што сьледзтва распрацавала новы плян і больш ня будзе трымацца выключна бытавой вэрсіі забойства.

(Фешчанка: ) “Я складаю новы плян. А вэрсіі будуць усялякія магчымыя. Мы будзем адпрацоўваць усялякія вэрсіі і ня будзем зацыклівацца толькі на бытавой”.

Беларуская асацыяцыя журналістаў на знак журналісцкай салідарнасьці распаўсюджвае газэтны модуль з партрэтам Веранікі Чаркасавай і надпісам “Хто забіў?”.

***

Паводле вэрсіі калегаў Веранікі Чаркасавай са штотыднёвіка “Салідарнасьць”, забойства журналісткі магло мець палітычныя прычыны, паколькі ёсьць верагоднасьць таго, што Вераніка валодала сакрэтнай інфармацыяй пра пастаўкі беларускай зброі ў Ірак. Журналіст «БДГ» Сяргей Сацук высьветліў, што за месяц да гібелі Вераніка Чаркасава пачала зьбіраць зьвесткі пра беларускі "Інфабанк", які абслуговаў кантакты Беларусі з Іракам. Аляксандар Старыкевіч, рэдактар газэты "Салідарнасць", дзе працавала перад сьмерцю Вераніка Чаркасава, таксама лічыць палітычную вэрсію асноўнай. Міжнародная арганізацыя “Рэпарцёры бязь межаў” заклікала беларускія ўлады расьсьледаваць палітычную вэрсію забойства.