"Той чалавек, які называе сябе прэзыдэнтам, добра ведае, што ён уладу скраў у народа"

RFE/RL Водгукі слухачоў – 18 красавіка. Званок на Свабоду. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 290-39-52 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку. Рэдакцыя Радыё Свабода не нясе адказнасьць за выказваньні слухачоў.
(Спадарыня: ) “Хачу падзяліцца вынікамі, якія я зрабіла. Я – дзіця вайны. Мы перанесьлі тры блякады, жылі мы ў лесе, мой брат быў партызанам, сапраўдным партызанам. Ён загінуў у самым канцы вайны на фронце. Бацька таксама ваяваў, быў паранены, але ўжо памёр.

Але мяне абурае тое, я ведаю некалькі партызан, якія проста там адседжваліся, харчаваліся там. Іх хавалі за партызанскія сьпіны, больш яны нічога не рабілі. І я ведаю ні адзінага такога. Атрымалі спраўкі, і цяпер яны настолькі людзі заслужаныя, што, ведаеце, мне плявацца хочацца. Вось што мяне абурае, што цяпер ім такі гонар. Чым яны заслужылі? Гэта мяне вельмі абурае!”

(Спадар: ) “Калі б кніга скаргаў і прапановаў была б на Радыё Свабода, я запісаў бы туды наступнае.

Паважаныя журналісты Радыё Свабода! Прыміце са свайго лексыкону такія выразы як “вядомы лідэр апазыцыі” альбо “буйнейшая апазыцыйная партыя”. Правядзіце апытаньне на вуліцах Беларусі і запытайце: “Якія вы ведаеце апазыцыйныя партыі? Якіх вы ведаеце лідэраў апазыцыі?” І я ўпэўнены, што ў крайнім выпадку адказы будуць: лідэр апазыцыі Зянон Пазьняк і Беларускі народны фронт. Больш вам нічога не назавуць, таму што цяпер на Беларусі ўвогуле апазыцыі няма. Сучасныя лідэры апазыцыя разбэшчаныя замежнымі ваяжамі і грантамі. Яны і толькі яны развалілі беларускую апазыцыю! Вячорка раскалоў БНФ, Саскевіч і яго намесьнік Народную грамаду. А цяпер тое самае зрабіў і Шушкевіч са сваёй партыяй. Камэнтары, як кажуць, залішнія.”

(Спадар: ) “Паважаны дырэктар радыёстанцыі Свабода! Паважаны Данчык! Падзякуйце, калі ласка, Зінаіду Бандарэнку за тое, што яна падзялілася з намі ўсімі сваім досьведамі: досьведам дыктара, досьведам журналісткі, досьведам працы з народам. Сапраўды, “з цэлым народам гутарку весьці, – як казаў Купала, – складана і адказна”. І калі кожнае слова, як яна гаварыла, будзе прапушчана праз сэрца, калі дыктары будуць інтэлектуальны, калі яны будуць працаваць па-сапраўднаму, навучаныя, то пазбавіцца Радыё Свабода і ад трасянкі дыктараў і журналістаў, і ад зусім небеларускіх перадачаў, якія вельмі часта яшчэ арганізуюцца гэтымі людзьмі на Радыё Свабода. Вось узяць прыклад, вучыцца і працаваць для Беларусі так, як працавала і працуе Зінаіда Бандарэнка, вось той невялічкі арыентырчык, да якога павінна імкнуцца, мне здаецца, беларуская рэдакцыя нашай Свабоды. Посьпехаў вам!”

(Пэнсіянэрка, дзіця вайны: ) “Пра гэтую вайну я б не хацела чуць і згадваць, бо ўспаміны аб жахах вайны прыносяць невыносны боль. А зараз наконт вашага пытаньня. Я лічу, што зваротаў у кнігу скаргаў адміністрацыі прэзыдэнта не павінна быць, бо ў нас няма легітымнага прэзыдэнта. Той чалавек, які называе сябе прэзыдэнтам, добра ведае, што ён уладу скраў у народу, і ўсе яго рэфэрэндумы несапраўдныя. Тыя пытаньні, якія выносіліся на рэфэрэндуме, па Канстытуцыі Беларусі ня мелі права быць вынесеныя. Пры тым, вынікі галасаваньня гэтых рэфэрэндумаў таксама фальсыфікаваныя. А апошні рэфэрэндум фальсыфікаваны ня менш чым на 40 адсоткаў!

У крушэньні Канстытуцыі падпісаная дамова аб стварэньні агульнай дзяржавы з Расеяй. Гэты прэзыдэнт павінен сам абвесьціць аб зыходзе з улады, каб ня ганьбіць наш народ. Бо хлусьня, што льецца са сродкаў масавай інфармацыі, перапоўніць межы цярпеньня народу, і канец усё ж такі будзе.”

(Мікола Саскевіч: ) “Я б хацеў, каб вы ў сваёй перадачы расказалі аб прыгожай скандынаўскай краіне Швэцыі. У Швэцыі існуе манархія і кіруе гэтай краінай кароль Карл XVI. Хацелася б пачуць ад вас, як там жывуць людзі, як пабудаваная швэдзкая ўлада, як яна працуе, якая ў Швэцыі армія, ваенна-марскі флёт, якая швэдзкая мова, ці падобная на нямецкую ці не; каго болей сярод швэдзкіх сялянаў, каталікоў ці пратэстантаў, пра швэдзкі спорт. Карацей, хацелася б пачуць ад вас падрабязны расказ пра гэтую моцную і квітнеючую краіну Швэцыю. Чаму няма ў Беларусі швэдзкай амбасады?”

(Спадар: ) “Толькі што пачуў вашую праграму “Сымбаль веры” з пытаньнем “Ці хапае вам часу для Бога?” Ведаеце, што ўвогуле гэтае пытаньне народжанае нашым грахом. Таму што Бог – гэта звычайная традыцыя нашая, што знайшлі мы, людзі, месца для Бога ў нейкай такой установе, якая сама вырашае, як маліцца і на якой мове і каму. А насамрэч Бог зьяўляецца чалавечым сумленьнем, таму Ён заўсёды прысутнічае, на Яго заўсёды хапае часу любому чалавеку. І іншая рэч, наколькі сам чалавек адчувае гэта ў самім сабе, бо сумленьне і Госпад Бог прысутнічае ў кожным з нас.”

“Чуў на днях вашую праграму “Беларускае замежжа”. Вельмі хацелася, каб вы распавялі пра, так званых, нашых “няўдалых асобаў”, людзей, якія займаюцца культурай беларускага замежжа, а ня толькі бізнэсам. І хацелася б пачуць якісьці рэпартаж пра Валянціну Якімовіч, нашую славутую фальклярыстку і ўвогуле вядомую асобу 90-х гадоў.”

“З нагоды вашых літаратурных праграмаў. Скажыце, калі ласка, гэта проста нейкае абурэньне! Калі вы ўжо скончыце падзяляць пісьменьнікаў на “халдзеяў” і “дзермакратаў”? Калі ўжо скончыць Скобла свае бясконцыя дурныя культурныя прафанацыі? Вы самі ж з гэтым змагаецеся! Ну, няўжо беларуская культура абмяжоўваецца толькі малаграматнымі і абмежаванымі аўтарамі, такімі фанфаронамі як Глёбус і Хадановіч? Дзе, прабачце, астатнія?”

(Сяргей Патаранскі: ) “Тое, што я хацеў бы пажадаць нашаму прэзыдэнту, і, ўвогуле, гэта галоўная скарга. Гэта у першую чаргу заняцца нашай сацыяльная сфэрай, нашымі дзецьмі, бо гэта – нашая будучыня. Якімі яны будуць, залежыць у першую чаргу ад нас.

Паглядзіце, што творыцца ў нашай сацыяльнай сфэры! Дзяржава зусім не падтрымлівае шлюб, яна зусім разбурае сям’ю. Глядзіце, што творыцца ў падтрымцы сацыяльнай сфэры нашай сям’і. Гэта проста жах! Я думаю, каб нашая адміністрацыя, калі яна хоча, каб беларусы не вымяралі, як гэта сёньня адбываецца, у першую чаргу, трэба заняцца менавіта сацыяльнай сфэрай старымі і дзецьмі.”

(Анатоль Лукашэвіч: ) “Хацелася, каб вы зьвярнулі ўвагу на тэму 2-й сусьветнай вайны і, ўвогуле, ролю беларускага народу ў ёй. Можа, гэта нават сталася бы тэмай вашага апытаньня: Як вы асабіста ставіцеся да гэтай славутай даты 9 траўня?

Бо калі пабачыш сродкі нашай дзяржаўнай інфармацыі, то гэта проста сьмешна. Ведаючы некаторыя фактары, як мы цудоўна бамбілі немцаў і як мы іх закідвалі шапкамі. Усё гэта, канечне, глупства. Таму што беларусы, на жаль, прайгралі гэтую вайну. Самі паглядзіце нават па фактах. Мы згубілі палову сваёй тэрыторыі за гэтую самую вайну, мы згубілі кожнага трэцяга жыхара. Я мяркую, што да гэтай вайны варта ставіцца нам беларусам ніяк да айчыннай вайны, а ў першую чаргу як да грамадзянскай ва ўмовах другой сусьветнай. Менавіта так і ніяк па іншаму.”

“Вельмі сумна, што Радыё Свабода зусім не зьвяртае ўвагі на такія культурныя зьявы як тэатар, мастацтва, ці вельмі малую ўвагу зьвяртае на іх. Амаль што ня бачна праграмаў пра тэатар, кіно, а гэта сапраўды сур’ёзныя зьявы і шмат вялікіх праблемаў. На жаль, толькі вы гаворыце пра літаратуру, пры чым пра літаратуру ў аднабокім пляне, што вельмі сумна. Хацелася, каб гэта было нашмат шырэй, як дарэчы ў вашых калегаў на расейскай службе, на ўкраінскай.”

(Спадар: ) “Вельмі спадабалася вашая праграма “Вострая брама” Сяргея Дубаўца, прысьвечаная хлусьні. Вось каб брэндам вашай радыёстанцыі сталі славутыя словы Васіля Быкава: “Праўда. І нічога акром праўды.”

“Аграмаднае пажаданьне да вас, ня вельмі прыемнае, бо будзе менавіта зьвязанае з вашым прафэсіяналізмам. Што мне вельмі не хацелася казаць у пляне вашай хібы, бо я ваш вялікі прыхільнік. Пытаньне ў тым, што ў вас аграмадныя праблемы з голасам. На жаль, акрамя Зінаіды Бандарэнкі, Вячаслава Ракіцкага, Сяргея Дубаўца галасоў на радыёстанцыі ў вас амаль што няма. Зразумела, што вучылі нашых журналістаў па сваіх спэцыялізацыях, але ж гэтую інфармацыю таксама трэба яшчэ давесьці.

На жаль, праблема з голасам у вас катастрафічная, як і ў іншых службаў Радыё Свабоды. Хацелася б зьвярнуць на гэта сур’ёзную вашую ўвагу. Бо хацелася б, каб такое сур’ёзнае радыё, як Радыё Свабода, мела сваіх Левітанаў!”

(Спадарыня: ) “Я вельмі рада, што на Радыё Свабода пачула голас Зінаіды Бандарэнкі. Вельмі я хвалявалася, калі яна балятавалася ў дэпутаты. Сачу за яе кар’ерай. І скажу вам, што такога патрыёта, як Зінаіда Бандарэнка, няма напэўна на нашай Беларусі. Таму няхай яна будзе заўсёды здаровая, шчасьлівая! І хай застаецца такой самай патрыётка, якой яна зьяўляецца зараз!

Дзякуй вам вялікае, што вы зрабілі гэтую перадачу. Яна была вельмі цікавая, вельмі патрэбная для беларусаў. Калі ласка, калі ёсьць такая магчымасьць, паўтарыце яе яшчэ раз.”

(Спадар: ) “У мяне такая прапанова. Я б у кнігу скаргаў прэзыдэнта зрабіў бы такі запіс. Лукашэнку і ўсім ягоным памагатым, Шэйману, Сіваковым, Чэргінцам, Касьцянам, Скобелевым, вось такі запіс: “Лучше фортуна задом, чем Фемида передом!”

(Спадар: ) “Я наконт кнігі скаргаў і прапановаў. Кніг з такой назвай не павінна быць наагул. На каго ж нам скардзіцца? На тых, каго мы абралі? На тых, хто павінен нам пасьля гэтага служыць? Гэтага не павінна быць! Кнігі з такой назвай павінны быць у турмах альбо яшчэ ў калгасах, дзе прыгоннае права. А калі ўжо і ўводзіць такую кнігу, то з назвай “Кніга патрабаваньняў, заяваў і прапановаў”. А ў палітычных партыях не павінна быць такіх кнігаў, бо там асяродкі вольнасьці; вольныя людзі і кіраўнікі гэтых партыяў абраныя вольнымі людзьмі. У Канстытуцыі няма такога слова “скаргі”, там “патрабаваньні”, “заявы” і г.д. Трэба выконваць нашым уладам Канстытуцыю.”

(Спадар: ) “На пытаньне да вяртаньня камуністычных суботнікаў, хацелася б сказаць, чым адрозьніваюцца цяперашнія суботнікі ад ранейшых. Раней няёмка было не пайсьці на суботнік, бо ўсе ішлі. І калі ў кагосьці не атрымлівалася, то яму не пярэчылі. А цяпер супрацоўнікам прама кажуць: “Калі ня прыйдзеш, будуць праблемы з працай”. На кожным з нас зараз вісіць кантракт. Гэта па-першае. І, па-другое. Калі раней быў адзін суботнік у год, а цяпер столькі, колькі бачыць патрэбным кіраўніцтва гораду, раёну, прадпрыемства. І ў студэнтаў ёсьць кантракты, залікоўкі і сэсіі.”

(Спадарыня: ) “Так балюча мне, што нашага шаноўнага Зянона Станіслававіча Пазьняка не выбіраюць у прэзыдэнты. Ён столькі прыклаў намаганьняў, столькі папакутаваў! Ён першы сьцяг падняў, наш нацыянальны, беларускі! Мы хочам, каб ён быў нашым прэзыдэнтам. Мы бачым яго адзіным прэзыдэнтам. Ён добры палітык, лідэр і гаспадар.”

(Спадар: ) “У кнігу скаргаў і прапановаў адміністрацыі прэзыдэнта я запісаў бы адну прапанову. Аляксандар Рыгоравіч! Знайдзі працу для сябе, згодна тваёй здольнасьці! Беларусы, як і ўсе, хочуць праўды, вольнасьці. Першая скарга заключаецца ў тым, што мне кожны месяц улады не дадаюць значную частку пэнсіі ад той, якая мне была ў пачатку прызначана па закону. Другая скарга заключаецца ў тым, што я пазбаўлены права выбіраць ці мяняць уладу. Трэцяя скарга заключаецца ў тым, што я пазбаўлены права слухаць праўдзівую інфармацыю па дзяржаўных сродках інфармацыі. Па беларускім радыё, тэлебачаньню, дзяржаўных газэтах суцэльная хлусьня! Чацьвертая скарга заключаецца ў тым, што суды выносяць прысуды такія, якія жадае ўлада. Просьба да праграмы Свабода. Часьцей, чым я нарадзіўся тут, паўтараць, што мне не дадаюць пэнсію кожны месяц!”

(Спадар: ) “Наконт кнігі скаргаў і прапановаў. Для прадпрымальнікаў гэта абернецца новымі паборамі кантралюючых органаў. Чыноўнік жа можа і пакараць і дараваць. Што тычыцца такой кнігі ў адміністрацыі прэзыдэнта, то гэта будзе тое самае, што “Тэлефон гарачай лініі на ОНТ”. Ці спрабавалі вы туды зьвяртацца? Я спрабаваў. Мне адказалі, што яны выяжджаюць толькі туды, дзе ім цікава. Як кажуць, камэнтары залішні. Так што ўсё гэта для вельмі наіўных людзей. Час ужо нам усім сказаць: Можа хопіць ужо нас усіх трымаць за круглых ідыётаў?”

(Віктар Буто: ) “Наконт дэкрэту прэзыдэнта Лукашэнкі пра кнігі скрагаў і прапановаў. Паважаны Аляксандар Рыгоравіч! Я ўпэўнены на ўсе 100 адсоткаў, што гэты дэкрэт у горадзе Менску прадстаўнікамі ад уладаў і іншымі ня будзе выконвацца па прызначэньню і будзе імі ігнаравацца і парушацца. Калі і будуць існаваць такія кнігі, то толькі для бачнасьці, і грамадзяніну Беларусі ня будуць прад’яўляцца па просьбе альбо патрабаваньню. Што адбываецца пры парушэньні закону Рэспублікі Беларусь аб зьвяртаньні грамадзянаў пры дапамозе артыкулу 11 гэтага закону. І на аснове гэтага артыкулу грамадзяніну, які зьвярнуўся за дапамогай альбо абаронай, прад’яўляецца ў адказ “адпіска”, а некаторыя звароты зусім застаюцца без адказу.”

(Спадар: ) “Прапаную апазыцыі зрабіць апераджальны крок насустрач выбарам прэзыдэнта, магчыма рэфэрэндуму. А менавіта сабраць подпісы выбаршчыкаў, якія будуць пры любым раскладзе галасаваць супраць Лукашэнкі і здаць іх у выбарчую камісію, тым самым пазбавіць чарговага “элегантнага ашаламляльнага посьпеху”.

(Пэнсіянэры: ) “Радыё Свабода! З Расеяй нам аб’яднаньне непатрэбнае! Чачэнская мясарубка нам непатрэбная! Там вайна ідзе! Расея хутка цалкам разваліцца. З бамжамі нам ня трэба аб’яднацца! Беларусі трэба аб’яднацца з Эўропай, дзе культура, дзе розумы, дзе кветкі квітнеюць. А гэтыя бамжы расейскія… Толькі Лукашэнка хоча жыць у гэтай самай бесталковай Расеі.”

(Уладзімер: ) “Наконт перадачы “Праскі акцэнт” і выказваньняў Зянона Пазьняка, наконт унутранага супраціву нацыі. Справа ў тым, што на гэтую праблему можна паглядзець пад іншым ракурсам. Каб быў унутраны супраціў нацыі, трэба, каб нацыя была здаровая, мела сілу волі і магла аналізаваць падзеі. Напрыклад, у нашым асяродзьдзі мы пастаянна загартоўваемся і працуем над гэтым. Вось гэта і дазваляе выхаваць сапраўднага чалавека, а не раба, які здольны толькі падпарадкоўвацца. Таму няма тут ніякіх цяжкасьцяў. Трэба толькі нашай паважанай нацыі пераадолець ляноту, п''янства, абыякавасьць – і справа пойдзе.”

(Спадарыня: ) “Паважанае Радыё Свабода! На вуліцы Валгаградзкай, 25А, у былым садку разьмяшчаецца ўнітарнае прадпрыемства “Інтэр’ер-сэрвіс”. Кіруе гэтым прадпрыемствам Сапега Тамара Сяргееўна. Людзі, якія працуюць там, а сярод іх шмат інвалідаў, ужо восем месяцаў не атрымліваюць заробак! І гэтая кіраўніца нікога не баіцца. Кіраўніцтва раёну ўсё ведае. А яна кожны тыдзень кажа людзям, каб трошкі пачакалі, і грошы будуць. А між тым пабудавала сабе шыкоўны катэдж.

Што рабіць? У якую кнігу скаргаў напісаць пра гэтую сытуацыю, калі кіраўніцтва раёну ведае, што там робіцца і ніякіх мераў не прадпрымае. Што рабіць гэтым бедным людзям? Яны баяцца звольніцца, бо баяцца, што згубяць наогул грошы. Бо быў прыклад, калі чалавек звальняўся, то яму частку выплачвалі, а частка запазычанасьці заставалася. Але ж і працаваць восем месяцаў бяз грошаў неяк сапраўды сумна. Можа вы дапаможыце, Радыё Свабода?”

(Харытон Аляксандар: ) “Добры дзень, Радыё Свабода! Хачу выказаць падзяку спадарам Дубаўцу і Бартосіку за ўчорашнюю праграму. Мне было вельмі прыемна іх паслухаць.”

(Мікола Саскевіч: ) “Учора глядзеў навіны па расейскім тэлебачаньню, дзе паказвалі Ватыкан і ўсіх кардыналаў. І сярод іх я пазнаў нашага кардынала Беларусі Казіміра Сьвёнтыка. Усё ж такі здорава, што наш кардынал Беларусі зараз там, у Ватыкане!

Слава пану Богу нашаму! Слава беларускаму касьцёлу! І слава Беларусі!”

“Учора паслухаў перадачу “Праскі акцэнт” з удзелам нашага беларускага лідэра Зянона Пазьняка. Вялікі дзякуй вам за гэтую праграму! Вось хто павінен быць нашым прэзыдэнтам! Зянон Пазьняк! Толькі ён! Пакуль у Беларусі няма больш кандыдатур.Я цалкам згодны з выказваньнямі Зянона Пазьняка! Я паверце мне, я заўжды, у любы час гатовы абараняць свабоду Беларусі! Жыць з гэтым здраднікам, з рэжымам Лукашэнкі я не магу! І жыць пад прыгнётам Расейскай імпэрыі я таксама не магу!”

(Спадар: ) “Добры дзень паважаныя і любімыя людзі з Прагі! Я хацеў бы пажадаць наступнае. Вось сёньня адзначаецца Дзень тэорыі адноснасьці. Дык, мяркую, што трэба заўтра абвесьціць Дзень сусьветнага размнажэньня, т.к. усё ў жыцьці ідзе да самаўдасканаленьня, да таго, каб абнаўляцца і нараджацца. Дык вось – Дзень сусьветнага размнажэньня. І яшчэ, мне здаецца, што Пазьняк – гэта наш і багаслоў і філёзаф, адзін зь лепшых людзей на Беларусі. Часьцей яму трэба слова даваць.”