Польскія студэнты вывучаюць сытуацыю зь беларускімі СМІ

Аляксей Дзікавіцкі, Варшава У адным з найбольш прэстыжных польскіх ВНУ – Галоўнай школе гандлёвай – сёньня прайшла канфэрэнцыя “Мэдыі на Ўсходзе – свабода ці цэнзура”, удзельнікі якой абмяркоўвалі сытуацыю са свабодай слова ва Ўкраіне, Расеі і Беларусі. На канфэрэнцыі быў наш карэспандэнт.
Удзельнікі канфэрэнцыі, а гэта былі ў асноўным маладыя людзі і студэнты, мелі магчымасьць даведацца пра сытуацыю са свабодай слова ва Ўкраіне, Расеі і Беларусі ад аналітыкаў, якія сочаць за падзеямі ў дзяржавах СНД, а таксама ад журналістаў, якія калісьці працавалі ці працягваюць працаваць у гэтых кранах.

Такім чынам, можна было параўнаць умовы, у якіх працуюць газэты, тэлебачаньне, радыёстанцыі і інтэрнэт-выданьні ў гэтых краінах і які ўплыў на мэдыі маюць улады.

Паводле прысутных, у гэтым сэнсе сытуацыя ў Беларусі значна горшая, чым у суседніх дзяржавах.

(Дарашкевіч: ) “У Беларусі, наколькі я ведаю ад сваіх калегаў-студэнтаў з гэтай краіны, сытуацыя са свабодай слова найгоршая. Ва Ўкраіне пасьля рэвалюцыі ўжо становіцца лепей, і ў Расеі, а ў Беларусі гэтай свабоды зусім няма”, – кажа Марта Дарашкевіч са студэнцкага навуковага аб’яднаньня, якое займаецца дачыненьнямі з Усходам.

Паводле яе словаў, пасьля шэрагу “каляровых рэвалюцыяў” у былых савецкіх краінах, маладыя палякі ўсё больш цікавяцца тым, што адбываецца за ўсходняй мяжой іхнай краіны, доказам чаго быў недахоп месцаў для ахвотных узяць удзел у канфэрэнцыі.