Вярхоўны суд адмовіў ТБМ, але пракурор размаўляў па-беларуску

Алег Грузьдзіловіч, Менск Вярхоўны суд не задаволіў скаргу Таварыства беларускай мовы (ТБМ) на папярэджаньне Міністэрства юстыцыі. Адмыслоўцы кажуць пра судовы прэцэдэнт, які адаб’ецца на лёсе многіх арганізацыяў і палітычных партыяў.
Два дні аказалася дастаткова судзьдзі Вярхоўнага суду Галіне Жукоўскай, каб прызнаць неабгрунтаванай скаргу Таварыства беларускай мовы на папярэджаньне Міністэрства юстыцыі. Нагадаю, у лютым Мінюст папярэдзіў Таварыства беларускай мовы, палічыўшы парушэньнем Жыльлёвага кодэксу рэгістрацыю трох суполак арганізацыі ў прыватным сэктары.

ТБМ з папярэджаньнем было ня згодна, паколькі праводзіла рэгістрацыю сваіх суполак на кватэрах іх сябраў на падставе пісьмовай згоды былога міністра юстыцыі Юрыя Варанцова. У судзе зачыталі гэты дакумэнт, датаваны 2000 годам. Ён дазваляў адпаведным дзяржаўным органам рэгістраваць на кватэрах структуры грамадзкіх арганізацыяў і партыяў. Што да патрабаваньняў Жыльлёвага кодэксу не выкарыстоўваць жытло не па прызначэньні, гэта экс-міністар у сваім лісьце абышоў, спаслаўшыся на пэўныя выключэньні.

Аднак ня толькі былое кіраўніцтва Мінюсту лагодна ставілася да такога парадку рэгістрацыі суполак. Сёньня прадстаўнікі ТБМ агалосілі ў судзе ліст, падпісаны дзейным міністрам Віктарам Галаванавым у траўні мінулага году. Гэты ліст, адрасаваны некаторым палітычным партыям, прызнаваў рэгістрацыю іх суполак па прыватных кватэрах. Мінула менш за год, і тое, што было дазволена, цяпер немагчыма. Чаму адбыўся такі паварот, спытаўся я ў старшыні ТБМ Алега Трусава.

(Трусаў: ) “Адбыўся ўсім нам вядомы рэфэрэндум, і пасьля гэтага вырашылі ліквідаваць грамадзкія арганізацыі і структуры. Знайшлі зачэпку. Спачатку ім дазволілі на кватэрах зарэгістравацца, потым напісалі, што сыходзьце з кватэраў. Калі грамадзкія арганізацыі хочуць знайсьці нейкі адрас, ім не даюць, пра што мы ў судзе сьведчылі, і такім чынам справа ідзе да ліквідацыі ўсяго трэцяга сэктару. Тое, што адбылося, паказвае сытуацыю, у якой апынулася наша дзяржава пасьля кастрычніцкага рэфэрэндуму”.

Працэс у Вярхоўным судзе па скарзе ТБМ на Мінюст праходзіў на беларускай мове. Нават пракурор Людміла Федарынчык і прадстаўнік Мінюсту Аляксандар Харытон карысталіся беларускай мовай. Ці азначае гэта, што рашэньне прынятае супраць роднай мовы? Актывісты ТБМ гэтак ня думаюць, а прадстаўнікі ўлады свайго меркаваньня ня выказалі. Супрацоўнік Мінюсту Аляксандар Харытон размаўляць адмовіўся, спаслаўшыся на службовую інструкцыю. Адмовілася ад камэнтароў і пракурор Людміла Федарынчык.

(Федарынчык: ) “Усё, што трэба, я выказала ў сваім заключэньні”, — сказала пракурор.

Раней яна падтрымала прэтэнзіі Мінюсту да ТБМ, паводле якіх актывісты арганізацыі ігнаравалі пэўныя патрабаваньні Жыльлёвага кодэксу.