Саакашвілі прапаноўвае паэтапны вывад расейскіх базаў з Грузіі

ТБІЛІСІ Прэзыдэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі прапанаваў Расеі паэтапны вывад двух расейскіх базаў, каб зьнізіць выдаткі на гэтую апэрацыю. Выступаючы ў армейскім трэніровачным цэнтры, Саакашвілі сказаў, што Тбілісі спрабуе разьвязаць пытаньне базаў цывілізаваным шляхам. Прэм’ер-міністар Грузіі Зураб Ногайдэлі сёньня адзначыў, што Тбілісі не зьбіраецца выплачваць якую-небудзь кампэнсацыю Маскве за вывад расейскіх ваенных базаў з Грузіі. Нядаўна міністар абароны Расеі Сяргей Іваноў сказаў, што вывад базаў запатрабуе каля 300 мільёнаў даляраў. Іваноў адзначыў, што калі Грузія заплаціць гэтыя грошы, працэс вываду значна паскорыцца.