Гомельская апазыцыя галасуе за Мілінкевіча

Казімер Яноўскі, Гомель Гомельская абласная канфэрэнцыя прадстаўнікоў палітычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў, якая адбылася 3 красавіка, вылучыла ў якасьці адзінага кандыдата на пасаду прэзыдэнта навукоўца з Гародні, кіраўніка праграмаў Фонду спрыяньня лякальнаму разьвіцьцю Аляксандра Мілінкевіча.
80 дэлегатаў канфэрэнцыі прадстаўлялі практычна ўвесь спэктар палітычных і грамадзкіх суполак дэмакратычнага кшталту рэгіёну.

Удзельнікі канфэрэнцыі заслухалі шасьцёх магчымых прэтэндэнтаў на галоўную пасаду ў дзяржаве, аднак у бюлетэні для тайнага галасаваньня былі ўключаныя толькі чацьвёра – Анатоль Лябедзька, Сяргей Калякін, Аляксандр Мілінкевіч ды Станіслаў Шушкевіч.

Прозьвішчы Аляксандр Вайтовіча ды Ўладзімера Коласа ў бюлетэні не ўносіліся ў сувязі з тым, што яны не падпісалі заяву кааліцыі пра супрацоўніцтва.

Паводле некаторых удзельнікаў, вынікі галасаваньня былі трохі нечаканымі. Большасьць дэлегатаў падтрымліваюць толькі аднаго прэтэндэнта ў якасьці адзінага кандыдата на пасаду прэзыдэнта – вучонага з Горадні Аляксандра Мілінкевіча. Ён адзін атрымаў больш за палову галасоў дэлегатаў: 48 ад 79 тых, хто узяў удзел у галасаваньні.

Іншыя прэтэндэнты – Анатоль Лябедзька, Сяргей Калякін ды Станіслаў Шушкевіч – разам не набралі нават паловы галасоў удзельнікаў канфэрэнцыі, якая, дарэчы, мела магчымасьць падтрымаць усіх чатырох прэтэндэнтаў.

Я папрасіў спадара Мілінкевіча выказаць сваё стаўленьне да рашэньня Гомельскай канфэрэнцыі дэмакратычных сілаў:

(Мілінкевіч: ) “З тых выступаў, што прагучалі на канфэрэнцыі, галоўны аргумэнт на маю карысьць быў, падаецца, той, што мне, як чалавеку беспартыйнаму, які даўно ў грамадзкім жыцьці, лягчэй аб`яднаць людзей розных палітычных поглядаў. Можа, гэта і адыграла сваю ролю”.

Суразмоўца пагаджаецца, што схема вылучэньня адзінага кандыдата не бездакорная, але яна прынятая і павінна ажыцьцяўляцца:

(Мілінкевіч: ) “Увогуле немагчыма стварыць ідэальную сыстэму. І дэмакратыя не ідэальная сыстэма. Але гэта схема была выпрацаваная шляхам доўгіх кампрамісаў. Можна казаць пра розныя партыі, што яны ня маюць вялікага ўплыву. Аднак усе разам – а аб`ядналіся фактычна ўсе палітычныя суб`екты – яны ўяўляюць сілу. Таму, я лічу, да пэўнага часу трэба дыскутаваць, але калі прынятая схема, трэба абавязкова працаваць”.

У гэтым месяцы канфэрэнцыі ў падтрымку адзінага кандыдата пройдуць ва ўсіх іншых абласных цэнтрах краіны. Затым ужо адбудзецца нацыянальны кангрэс дэмакратычных сілаў, які конча вызначыць адзінага лідэра на прэзыдэнцкіх выбарах 2006 году.