Міжнародны валютны фонд падвысіў для Беларусі прагноз сёлетняга эканамічнага росту

Юлія Шарова, Менск Цяпер гэты паказьнік, паводле экспэртаў арганізацыі, будзе складаць 7,5%, замест раней прагназаваных 5%. У той жа час беларускія ўлады плянуюць эканамічны рост на ўзроўні 10%.
Леташні эканамічны рост, які, паводле беларускай статыстыкі, склаў 11%, экспэрты МВФ лічаць сапраўды значным, хоць, на іхную думку, рэальная выніковая лічба мусіць быць ніжэйшай. Тым ня менш, на гэты год прагноз росту валавога ўнутранага прадукту для Беларусі падвышаны ў паўтара разу. Узровень інфляцыі, мяркуюць спэцыялісты фонду, складзе 12% (раней давалі 20%).

Кіраўнік місіі МВФ, якая сёньня завершыла сваю працу ў Менску, Балаж Хорват тлумачыць леташні эканамічны рост спрыяльнымі вонкавымі ўмовамі, у тым ліку у дачыненьнях з Расеяй, рынак якой для Беларусі адкрыты.

(Хорват: ) “Пры тым, што мы прызнаем вельмі высокі рост, мы бачым на даляглядзе вельмі істотныя рызыкі, якія магчымыя, калі ня будуць унесеныя зьмены ў існую эканамічную палітыку. Вонкавы эканамічны асяродак можа стаць не такім спрыяльным, як у папярэднія гады. Эканамічная палітыка, скіраваная на стымуляваньне попыту, нясе ў сабе небясьпеку, якая можа стаць вельмі высокай”.

Спадар Хорват таксама выказаўся пра небясьпеку, што палягае ў крэдытаваньні прадпрыемстваў банкамі. Паводле кіраўніка місіі МВФ, выдаваць крэдыты ў такіх аб’ёмах няварта, бо банкаўская сыстэма можа ня вытрываць. Таксама спэцыялісты фонду рэкамэндуюць беларускаму ўраду хутчэй заняцца пэнсійнай рэформай.