Апытаньне ў Магілёве: “Чаму акцыі беларускай апазыцыі нешматлюдныя?”

Марыя Ўсьціновіч, Магілёў З пытаньнем тыдня наша карэспандэнтка зьвярнулася да мінакоў на вуліцах у цэнтры Магілёва.
(Карэспандэнтка: ) “Чаму акцыі беларускай апазыцыі нешматлюдныя?”

(Спадар: ) “Хутчэй за ўсё баяцца: баяцца рэпрэсіяў, баяцца страціць працу, вучобу. Страх у асноўным перашкаджае гэтаму”.

(Спадар: ) “Таму што ў нашай апазыцыі няма нармалёвага лідэра. Трэба шукаць нейкага новага чалавека, за якім можна было б пайсьці на гэтую самую вуліцу”.

(Спадарыня: ) “Увогуле я нават ня ведаю, якія акцыі яны ладзяць. І гэта гаворыць пра тое, што не даюць паказаць усім людзям, чым яны займаюцца”.

(Спадарыня: ) “Я б сама, у прынцыпе, і не пайшла б. Чаму? З-за недахопу часу. Магчыма, з-за гэтага”.

(Спадар: ) “Напэўна, неактыўныя людзі. Чысмьці занятыя, іншымі справамі”.

(Спадарыня: ) “Напэўна, жыцьцё такое ў нас, давяло нас на безграшоўя, і ўсё. Таму няма калі нам хадзіць на акцыі”.

(Спадар: ) “Наша нацыя такая спакойная, не для нашай нацыі ўсе гэтыя дэманстрацыі — можа таму”.

(Спадар: ) “Таму што народ бачыць, хто іх праводзіць, на якія сродкі. І канчатковы вынік гэтых акцыяў — дэстабілізацыя абстаноўкі ў краіне”.

(Спадар: ) “Прэзыдэнта больш падтрымліваюць, чым апазыцыю. Самі бачыце, што ў нас нашмат лепей, чым дзе яшчэ. Жывуць людзі, няма чым быць незадаволенымі”.

(Спадарыня: ) “Я мяркую, што нейкая частка згодная, нейкая баіцца, а некаторым абыякава, якія ўладкаваныя ў гэтым жыцьці”.

(Спадарыня: ) “Можа быць, баяцца. Жыцьцё непрадказальнае. За дзяцей боязна, што могуць застацца без усяго”.

(Спадарыня: ) “Аўтарытарны ў нас мэтад, таму мы баімся”.

(Спадар: ) “Я ня думаю, што ў нас такая краіна, дзе можна чагосьці баяцца. Не, хутчэй за ўсё. У нас народ такі ціхі, яго каб раскачагарыць, трэба… У нас цяжка падняць на нешта. У нашай краіне гэта бессэнсоўна. Гэта недзе за мяжой ,у Амэрыцы, там падымаюцца, а ў нас наш народ ціхі, спакойны”.

(Спадар: ) “Беларускі народ цяжкі на пад’ём, але калі яго падняць, ён падымецца. Самі не падымаюцца, таму што баяцца прэзыдэнта. Любому, хто падымае галаву, адразу адрубае. Нікому не дае дыхнуць”.