Адхілены ад пасады харвацкі прадстаўнік у басьнійскім прэзыдыюме

САРАЕВА. Вярхоўны міжнародны прадстаўнік у Босьніі-Херцэгавіне Пэды Эшдаўн адхіліў сёньня ад пасады Драгана Човіча, харвацкага прадстаўніка ў трохбаковым басьнійскім прэзыдыюме. Човіч быў звольнены за адмову добраахвотна пакінуць пасаду ў сувязі з абвінавачаньнямі ў карупцыі. Пракуратура вінаваціць Човіча і яшчэ шасьцярых басьнійскіх харватаў ва ўхіленьні ад сплаты падаткаў, карупцыі і злоўжываньні ўладай у пэрыяд ад 2000 да 2003 году, калі Човіч быў віцэ-прэм’ерам Мусульманска-Харвацкай фэдэрацыі. Сам Човіч назваў адхіленьне яго з пасады парушэньнем канстытуцыі.