“Малады фронт” пачынае веснавую кампанію, нягледзячы на прэсінг КДБ

Любоў Лунёва, Менск На прэсавай канфэрэнцыі 29 сакавіка сябры “Маладога фронту” заявілі пра пачатак веснавой вулічнай кампаніі. Яны таксама абвінавацілі КДБ у ціску на актывістаў моладзевага руху.
Актывіст “Маладога фронту” Барыс Гарэцкі паведаміў аб тым, што супрацоўнікі КДБ пачалі прапаноўваць сябрам “Маладога фронту” супрацоўніцтва з камітэтам. Паводле спадара Гарэцкага, супрацоўнікі спэцслужбы пры гэтым не хаваюць сваіх мэтаў і прапануюць даваць ім інфармацыю пра падрыхтоўку апазыцыйных акцыяў, пра кантакты маладафронтаўцаў і пра сытуацыю ў самой арганізацыі. Адных за гэта абяцаюць уладкаваць на добрую працу з высокім заробкам, іншым, у выпадку адмовы, пагражаюць рознымі непрыемнасьцямі на вучобе.

Барыс Гарэцкі распавёў пра супрацоўніка КДБ, які назваўся Русланам. Барыс сьцьвярджае, што гэты чалавек неаднаразова зь ім сустракаўся, нават у кабінэце дырэктара каледжу, дзе вучыцца Барыс.

(Гарэцкі: ) “Ён паказаў мне “корачку” сваю чырвоную, дзе было напісана: “супрацоўнік КДБ. Руслан…” Не глядзеў пільна далей. Я вучуся ў політэхнічным каледжы. Ён папрасіў дырэктара сысьці, зачыніў дзьверы і пачаў мяне распытваць аб тым, што я рабіў 18 і 19 кастрычніка; ці магу нешта паведаміць пра бліжэйшыя дзеяньні апазыцыі; як можа паўплываць сытуацыя ва Ўкраіне; ці магчыма рэвалюцыя тут у Беларусі. Ён прасіў перадаць яму якія-небудзь газэты, налепкі, улёткі маладафронтаўскія. Ён казаў, што патэлефануе мне яшчэ. Калі ён патэлефанаваў, я яму сказаў, што сустракацца зь ім і супрацоўнічаць ня буду. Каб паразмаўляць са мной, параіў выклікаць мяне на допыт”.

Барыс Гарэцкі распавёў аб тым, што гэты супрацоўнік КДБ перасьледуе Руслана Харкевіча:

(Гарэцкі: ) “Гэты супрацоўнік КДБ увесь час знаходзіць Руслана Харкевіча ў горадзе. Сочыць за ім. Сустракае на вакзале. Ён прапаноўвае яму добрую працу ў рэклямнай агенцыі. Наўзамен Руслан мусіць перадаваць яму пэўныя зьвесткі пра дзейнасьць “Маладога фронту”, пра бліжэйшыя акцыі, пра раскладку сілаў у “Маладым фронце”.

Барыс назваў журналістам нумар мабільнага тэлефону гэтага супрацоўніка КДБ. Мы двойчы тэлефанавалі яму. Першы раз ён папрасіў патэлефанаваць пазьней.

(Руслан: ) “Дзяўчына, давайце так зробім: справа ў тым, што я цяпер заняты. Я гатовы ў прынцыпе адказаць на вашы пытаньні. Вы патэлефануйце пазьней”.

Але пазьней быў такі адказ:

(Руслан: ) “Вы занадта шмат гаворыце. Прычым вашы размовы так і застаюцца размовамі… Ніякага грунту яны ня маюць”.

Лідэр “Маладога фронту” Павал Севярынец паведаміў, што “Малады фронт” пачынае веснавую вулічную кампанію. Першая акцыя адбудзецца 2 красавіка пад лёзунгамі адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі.

Тым часам Павал пачаў знаёміцца з матэрыяламі крымінальнай справы, якую вёў сьледчы камітэт паводле падзеяў 18 і 19 кастрычніка, калі больш за 5000 дэманстрантаў прайшлі па праспэкце Францішка Скарыны на знак пратэсту супраць фальсыфікацыі выбараў і рэфэрэндуму 17 кастрычніка. Абвінавачанымі прызналі лідэра “Маладога фронту” Паўла Севярынца і лідэра сацыял-дэмакратаў Міколу Статкевіча. Павал называе справу цалкам палітычнай. Паводле яго, такім чынам улады спрабуюць спыніць хвалю вулічных выступаў апазыцыйна настроенага грамадзтва.