Ці маглі наўмысна зьбіць самалёт зь беларускім экіпажам у адносна мірнай Танзаніі?

Ігар Карней, Менск Целы шасьцёх беларускіх лётчыкаў, якія загінулі ў авіякатастрофе ў Танзаніі, будуць дастаўленыя на апазнаньне ў Менск да канца гэтага тыдня. Сёньня ў сталіцу гэтай афрыканскай дзяржавы адляцеў самалёт малдаўскай кампаніі “Airline Transport Inc.”, якая наняла беларускіх пілётаў дзеля працы ў Афрыцы. Зь якімі праблемамі сутыкаюцца авіятары, якія пагаджаюцца на падобныя кантракты?
Цягам некалькіх дзён у афрыканскае возера Вікторыя рухнулі два самалёты. 19 сакавіка над ім пацярпеў аварыю “Boeing 707” (тады прычынай было названа дрэннае надвор’е). Увечары 23 сакавіка, адразу ж пасьля ўзьлёту, у ваду рухнуў грузавы Іл-76, экіпаж якога складалі шасьцёра беларусаў — Канстанцін Знак, Юры Несьцярэнка, Аляксандар Мікалаеў, Яўген Пабаруеў, Андрэй Маркевіч і Аляксандар Лях. Што сталася прычынай катастрофы — пасьля расшыфроўкі “чорнай скрыні” скажуць экспэрты. Пакуль асноўнай вэрсіяй называецца чарада птушак, якія быццам патрапілі ў рухавікі самалёту.

Аднак досьвед працы ў Афрыцы прымушае авіятараў рабіць і іншыя высновы. Практычна кожны, хто адтуль вярнуўся, расказвае пра рэйсы, не акрэсьленыя кантрактнымі абавязкамі. У мінулым прадстаўнік місіі ААН у Заіры Антон Ігнатаў пацьвярджае, што ў асобных краінах Афрыкі большую палову авіяперавозак складае стралковая зброя. Аднак, паводле Ігнатава, Танзанія ў гэты шэраг не трапляе, бо там падзел тэрыторыяў скончыўся значна раней. Таму наўрад ці самалёт зь беларускім экіпажам мог быць зьбіты зь зямлі.

(Ігнатаў: ) “Ангола, Конга — ранейшы Заір… Там, дзе няма цывілізацыі, дзе канец геаграфіі, альбо яна вельмі слаба разьвіваецца — так лепей сказаць, то там рызыка найвышэйшая. Я быў у Конга-Заіры, і мне гэтага хапіла — давялося адтуль уцякаць”.

Цягам некалькіх дзён пасьля авіякатастрофы экспэрты не маглі высьветліць дзяржаўнай прыналежнасьці паветранага борта. Малдова, пад сьцягам якой працаваў Іл-76, афіцыйна заявіла, што ў краіне няма ніводнага самалёта такой клясы, гэтаксама як і лётчыкаў, падрыхтаваных для працы на такой тэхніцы. Аднак аказалася, што ў Малдове найпрасьцей у СНД зарэгістраваць самалёты, чым актыўна карыстаюцца суседнія краіны (перадусім Украіна і Расея), а пілётамі на “малдаўскія” судны запрашаюць беларусаў. Мой суразмоўца Антон Ігнатаў кажа, што беларускія лётчыкі ахвотна згаджаюцца на такія прапановы, паколькі сталай працы ў Беларусі на ўсіх не хапае.

(Ігнатаў: ) “Вы маеце рацыю: езьдзяць у бальшыні сваёй з прычыны грошай. Там вырашаюць усё грошы. А якія там могуць быць канфлікты? Зьбілі іх альбо не — гэта тэма ўжо іншага парадку”.

(Карэспандэнт: ) “З-за грошай не зважаюць нават на магчымыя захворваньні — тую ж малярыю?”

(Ігнатаў: ) “Так, калі хтосьці захварэў і няма, ня дай Бог, грошай, і калі няма іх у каго пазычыць — то чалавек можа памерці”.

Самалёт малдаўскай авіякампаніі, які пацярпеў катастрофу ў Танзаніі, быў застрахаваны ў Расеі. Прадстаўнікі страхавой кампаніі сьцьвярджаюць, што кожны зь лётчыкаў быў застрахаваны ад няшчаснага выпадку на 20 тысяч даляраў. Між тым, небясьпека працы ў афрыканскіх краінах застаецца ранейшай, кажа Антон Ігнатаў.

(Ігнатаў: ) “Мы і ў Зымбабвэ, і ў Танзанію ляталі. А Конга — гэта ўвогуле канец сьвету. Калі ня браць гатэль і некалькі будынкаў у цэнтры гораду, то ўвогуле страшна кудысьці выйсьці. Дый мясцовыя да прыежджых дрэнна ставяцца: ня дай бог даведаюцца, што амэрыканец, дык і пабіць могуць, а што пальцам бясконца будуць тыкаць — адназначна”.

У кампаніі “Трансавіяэкспарт” дзе пэўны час працавалі ўсе загінулыя, спадзяюцца, што целы іх калегаў будуць дастаўленыя дадому цягам двух ці трох дзён.