Вярхоўны суд адмовіў Леванеўскаму і Васільеву

Сяргей Астраўцоў, Горадня Гарадзенскі адвакат Леванеўскага і Васільева Аляксандар Бірылаў атрымаў адказ зь Вярхоўнага суду на сваю наглядную скаргу па справе палітвязьняў, якую ён падаў 14 лютага. Вярхоўны суд палічыў, што віна Леванеўскага і Васільева была цалкам даказаная ў Ленінскім раённым судзе Горадні і пакінуў прысуд ім правамоцным.
Валеры Леванеўскі і Аляксандар Васільеў былі зьняволены 7 верасьня 2004 году на два гады кожны ў калёніі агульнага рэжыму —за публічную абразу прэзыдэнта Лукашэнкі, “злучаную з абвінавачаньнем у зьдзяйсьненьні цяжкага злачынства”.

Аляксандру Васільеву дадаткова яшчэ інкрымінавалі “арганізацыю групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак”.

Іншымі словамі, яго прызналі арганізатарам першамайскага мітынгу прадпрымальнікаў у 2004 годзе ў Горадні, удзельнікі якога запатрабавалі адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі.